Читать «Фантамас» онлайн - страница 48

Марсель Ален

— Дзякуй, але я заўсёды п’ю без цукру.

Пілі яны моўчкі. Вальгран усё не мог прыдумаць, з чаго яму пачаць, усё чакаў, што лэдзі Белсом сама згадае пра дасланы ліст. Калі яны дапілі каву, лэдзі Велсом дапытліва паглядзела на актора, той хацеў ёй нешта сказаць, але раптоўна адчуў жахлівую санлівасць, словы і думкі змяшаліся ў ягонай галаве. Твар лэдзі Белсом яшчэ раз мільгануў перад ягонымі вачыма і знік у цемры. Вальгран паваліўся на падлогу.

Лэдзі Белсом нахілілася над ім і, калі ўпэўнілася, што ён спіць, сказала:

— Ну вось і ўсё!

Праз сон Вальгран раптам адчуў, што нехта звязвае яму рукі за спінаю вяроўкай. Ён прачнуўся і крыкнуў:

— Што такое?

На яго наваліліся двое мужчын у форме турэмных ахоўнікаў. Вальгран хацеў закрычаць, але адзін з іх заціснуў яму рот і сказаў:

— Ціха!

— Пусціце мяне! — Вальграну давялося напружыцца, каб сказаць гэта, бо ён і цяпер ледзь трымаўся на нагах.

— Пайшлі, ты ж ведаеш, Гурн, цябе ўжо нішто не ўратуе!

Вальгран паспрабаваў выслабаніцца.

— Я Вальгран! Трагік Вальгран! Мяне ўсе ведаюць! Дастаньце з маёй кішэні партманет! Там дакументы! — Вальгран нарэшце трохі апрытомнеў і зразумеў, што знаходзіцца ў тым самым пакоі, дзе лэдзі Белсом частавала яго каваю. Ён азірнуўся. Лэдзі Белсом стаяла каля акна і моўчкі глядзела на яго.

Вальгран вылаяўся і звярнуўся да яе:

— Гэтыя дурні лічаць, што я Гурн! Скажыце, што гэта не так!

Але лэдзі Белсом толькі адвяла позірк і маўчала. Вальгран адчуў, што можа зноў страціць прытомнасць, і пачаў упрошваць турэмшчыкаў:

— Дастаньце мой партманет! Там мае дакументы, на маё прозвішча! Там ліст — доказ таго, што мяне заманілі ў пастку. Ліст ад гэтай жанчыны!

— Паглядзі, Нібэ,— параіў адзін ахоўнік другому, а сам зашыпеў на вуха Вальграну: — Ды цішэй! Што ты задумаў? — Нібэ праверыў усе кішэні, але, вядома, ніякага партманета не знайшоў.— Ты добра заплаціў нам, каб мы прывялі цябе сюды на спатканне. Ты абяцаў быць тут адну гадзіну, а мы забіраем цябе праз паўтары, мы чакалі пад дзвярыма і не заходзілі сюды, як дамаўляліся. А цяпер трэба вяртацца ў турму! Пайшлі!

Вальгран апошні раз паспрабаваў вырвацца, але намаганне забрала ў яго апошнія сілы, ён павіс на руках ахоўнікаў, і тыя пацягнулі яго на вуліцу. Вальгран яшчэ некалькі разоў няўпэўнена прамармытаў:

— Я не Гурн.

З хвіліну лэдзі Белсом прыслухоўвалася, потым канчаткова пераканалася, што ўсё скончылася, перавяла дыханне і вярнулася ў пакой. Яна села на канапу, расшпіліла каўнерык і раптоўна самлела.

У сцяне насупраць прачыніліся дзверы, з цемры выйшаў Гурн і бязгучна наблізіўся да лэдзі Белсом. Ён кінуўся да сваёй каханкі і пашукаў які-небудзь сродак, каб вярнуць ёй прытомнасць.

— Гэта ты? Падыдзі бліжэй,— вымавіла лэдзі Белсом.— Яшчэ трошкі, і я не вытрымаю. Якія жахлівыя хвіліны! Я ўсё яшчэ чую, як ён крычыць. Каб толькі ніхто яго не заўважыў.

Гурн не сумняваўся ў поспеху гэтай рызыкоўнай задумы і пераконваў лэдзі Белсом:

— Варце добра заплацілі. Яны будуць усё адмаўляць.— Потым шэптам спытаў: — А што ён выпіў? Соннае?