Читать «Фантамас» онлайн - страница 46

Марсель Ален

З грымёрнай нарэшце выйшаў сам Вальгран, ён спяваў на ўвесь голас рэфрэн аперэтачнай арыі. Непаўторны трагік, здольны трымаць у напружанасці ўсю глядзельную залу, у жыцці ён быў надзвычай гарэзлівым і няўрымслівым.

Вальгран павітаўся з баранесай і хацеў ужо вярнуцца ў грымёрную, але баранеса затрымала яго.

— Дазволіце пазнаёміць вас з маладымі аматарамі вашага таленту?

Вальгран папрасіў прабачэння:

— Выбачайце, што прымусіў столькі чакаць, але мяне затрымаў пан міністр, ён цудоўны чалавек. — I дадаў: — Ён нават пачаставаў мяне цыгарай!

Усе пачалі віншаваць актора з удалай роллю.

— Вы дасягнулі вяршыняў мастацтва! — выказаў агульны настрой палкоўнік Ольбар.

— Вам сапраўды спадабалася? — узрадаваўся Вальгран.

— Гэта было цудоўна!

— Самае цікавае,— шэптам сказаў Вальгран,— што калі мы пачалі рэпеціраваць, то маёй цяперашняй ролі ў п’есе не было. Было нешта невыразнае, і я адказаў драматургу: «Тут трэба зняць прамову адваката! Я сам павінен абараняцца на судзе! I навошта святар у турме? Я сам скажу замест яго!» Так што ўсё зрабіў я сам!

— Трыумф! — у захапленні прамовіла Сімона Ольбар.

Вальгран самазадаволена зірнуў на свой адбітак у люстэрку.

— Ну што, падобны я да Гурна? — спытаў ён маркіза.— Вы бачылі яго на судзе зблізку?

— Падабенства проста загадкавае!

Яшчэ некаторы час яны размаўлялі, але нарэшце Вальгран сказаў, што мусіць адпачыць, зайшоў у грымёрную і прымкнуў за сабою дзверы.

XXXI

Спатканне

— Халера! — звярнуўся Вальгран да свайго грымера.— Ведаеш, Шарло, можна тройчы стаміцца, але ад аднаго выгляду чароўных дзяўчат падымешся нават з труны!

— Пан Вальгран, няўжо вы ніколі не станеце сур'ёзным чалавекам?

Нечакана ў дзверы ціхенька пастукалі. Шарло прачыніў дзверы і вярнуўся да Вальграна, паклаў яму на столік капэрту.

— Нейкая пані прасіла перадаць ліст...