Читать «Фантамас» онлайн - страница 45

Марсель Ален

— Але суд адмовіў вярнуць справу на даследаванне,— заўважыў Фандор.

— Я чакаў гэтага,— пагадзіўся Жуў.— У мяне бракуе доказаў, каб пераканаць суд. I потым, самы цікавы факт, які я меў, мне давялося замаўчаць...

— Што вы маеце на ўвазе?

— Тое, што ты жывы, Шарль Рамбэр!

— Сапраўды, чаму вы не сказалі пра мяне?

— Я ўтойваў гэта таму, што не такі заможны і трымаюся за сваю пасаду камісара паліцыі. Каб я прызнаўся, што здаўна ведаю, быццам нябожчык Шарль Рамбэр жывы і здаровы і, акрамя таго, выдае сябе то за Жанну, то за Поля... Ведаю і маўчу. Мяне звольняць з пасады, а цябе пасадзяць за краты.

Нарэшце ўзняўся старшыня прысяжных і ўпэўнена абвясціў вердыкт:

— Перад Богам і людзьмі клянуся гонарам і сумленнем. Большасцю галасоў прысяжныя адказалі «так» на ўсе пытанні...

Скончыўшы, ён сеў.

Змякчальных абставінаў прысяжныя не ўлічылі. Было зразумела, што на вырашэнне далейшага лёсу злачынцы пойдуць лічаныя імгненні, і сапраўды... Суддзя падняўся і загадаў:

— Прывесці падсуднага!

Калі вартавыя прывялі Гурна ў залу, судовы старшыня спытаў яго:

— Ці жадаеце што-небудзь сказаць?

— Не, нічога,— адказаў Гурн.

Судовы старшыня пачаў чытаць прысуд. Працэдура здавалася доўгаю і нуднаю, але нарэшце наблізілася развязка.

— ...прыгаворвае падсуднага Гурна да смяротнае кары... — I паспешліва загадаў: — Вывесці асуджанага.

XXX

У тэатральнай грымёрнай

— Не, баранеса, ён загадаў нікога не пускаць! Вы ж самі разумееце, сёння прэм’ера. Пана Вальграна ўжо стамілі наведвальнікі.

Стары тэатральны грымёр Шарло заступіў дарогу ў грымёрную Вальграна вялікаму натоўпу.

— Каб вы ведалі, як цяжка было сёння пану Вальграну.

— Ён цудоўны актор,— баранеса дэ Вібрэ ўсё ж пераступіла парог грымёрнай і ўрачыста ўсміхнулася: — З’ехаць з тэатра і не паціснуць яму руку проста немагчыма.

— Але яго там няма,— пачаў тлумачыць Шарло,— адразу па заканчэнні спектакля яго запрасіў да сябе міністр культуры. Гэта вялікі гонар. Пан Вальгран прыняў прапанову.

— То яго зараз прымае міністр? — са здзіўленнем спытала баранеса.

Тым часам яна пачала разглядаць фотаздымкі на сцяне.

— Паглядзіце, тут подпіс Сары Бернар,— звярнулася баранеса дэ Вібрэ да жонкі палкоўніка Ольбара.

— Сімона,— паклікаў жонку палкоўнік Ольбар,— паслухай, што расказвае наш сябар маркіз.

Маладая жанчына наблізілася, і маркіз сказаў:

— Вы не так даўно вярнуліся з Конга і, вядома, не звярнулі ўвагі на адну цікавую дэталь. Дык вось, у сённяшнім спектаклі Вальгран быў адзін да аднаго — Гурн — забойца лорда Белсома.

— Гурн? — перапытала Сімона Ольбар; гэтае імя яе зацікавіла.

— Як, вы не чулі? — здзівілася баранеса дэ Вібрэ.— Апошнім часам толькі і гавораць пра справу Гурна — Белсома.

— Так, так, я, здаецца, нешта чытала,— успомніла Сімона Ольбар.— Але забойца, здаецца, здолеў уцячы.

— Яго ўсё ж такі схапілі,— растлумачыў маркіз.— Як вы мяркуеце дзе? У лэдзі Белсом. Так, у яе палацы ў Нэі.

— А як яго арыштавалі? — пацікавіўся палкоўнік Ольбар.

— Вельмі проста. Забойцу злавілі ў парку. Яго пазналі, схапілі і месяц таму судзілі судом прысяжных. На працэсе быў увесь Парыж. Вядома, і я таксама,— маркіз нахіліў галаву.— Гэты Гурн вельмі дзіўны злодзей, і невядома, што прымусіла яго пайсці на забойства, магчыма, палітыка, магчыма, грошы, а магчыма, каханне. Ва ўсялякім разе, трэба адзначыць адно супадзенне. Калі лэдзі Белсом вярталася ў Англію пасля вайны, тры гады таму, яна трапіла на адзін параход з Гурнам. Гурн быў смелым салдатам і вяртаўся з медалём. Дакладна вось што: паводзіны лэдзі Белсом далі падставы для плётак. Адны выказваюць меркаванні, што лэдзі Белсом пасля смерці мужа вельмі змянілася. Іншыя сцвярджаюць, што яна страціла розум, але не з-за мужа, а праз яго забойцу. Да нас нават даходзяць плёткі, нібыта яна таемна падтрымлівае Гурна ў турме. Чаго толькі не кажуць людзі! — развёў рукамі маркіз.— Праўды не ведае ніхто, але працэс над Гурнам нарабіў шмат шуму. Смяротны прысуд прынялі як належнае, дый сама справа Белсома так непакоіла парыжанаў, што ў нашым тэатры паставілі п’есу «Крывавая пляма» — спектакль, на якім мы сёння прысутнічалі, ён самым дакладным чынам адлюстроўвае ўсе падзеі працэсу над Гурнам. А наш сябар Вальгран, ведаючы, што яму давядзецца выконваць ролю забойцы, пераўвасобіўся ў Гурна. Такая ідэя была ўдалай!