Читать «Фантамас» онлайн - страница 44

Марсель Ален

— Але спіс пасажыраў...

— Так, пан старшыня, спіс ёсць. Аднак у гэты спіс лёгка трапіць, нават не ступіўшы на палубу «Ланкастара». А што мы наогул ведаем пра катастрофу? Карабель выбухнуў і разваліўся. А чаму? Ніхто не ведае! Калі Фантамас вырашыў пазбавіцца ад маскі Эцьена Рамбэра, то яму няцяжка дзеля гэтага арганізаваць выбух на караблі, свядома знішчыць сто пяцьдзесят чалавек.

Судовы старшыня ахарактарызаваў тэорыю інспектара сцісла:

— Сапраўды дэтэктыў! Але што вы скажаце наконт забойства Далона?

Жуў усміхнуўся.

— На жаль, растлумачыць гэта сёння я не ў стане.

— Вам ёсць што дадаць? — спытаў судовы старшыня.

— Нічога, адказаў камісар,— апроч аднаго: для Фантамаса няма нічога немагчымага.

Судовы старшыня павярнуўся да падсуднага:

— Гурн, вам ёсць што сказаць суду?

Гурн падняўся.

— Гэты паліцыянт расказвае жахлівыя байкі!

Старшыня звярнуўся да Жува:

— Вы прапануеце вярнуць справу на даследаванне?

— Так, пан старшыня.

Судовы старшыня д’Асторг спытаў у пракурора:

— Пан пракурор, вы падтрымліваеце гэтую прапанову?

— Не,— адказаў той,— тое, што сцвярджае сведка, нічым не падмацавана.

— Добра, зараз суд вырашыць.

Асэсары наблізіліся да судовага старшыні і пасля нядоўгай нарады зноў расселіся па сваіх месцах.

Судовы старшыня абвясціў:

— Суд, узяўшы пад увагу паказанні сведкі Жува, выносіць пастанову: на даследаванне справу не вяртаць...

Пасля паўзы д’Асторг звярнуўся да пракурора:

— Пан пракурор, вам слова.

Пракурор выступіў з прамоваю, у якой націскаў на «жахлівую жорсткасць Гурна, які забіў лорда Белсома малатком». Але на працягу ўсёй прамовы ён не згадаў аніводнага факта з прамовы камісара Жува.

Геніяльная здагадка камісара была настолькі нечаканай і ашаламляльнай, што яе ніхто не ўспрыняў усур’ёз.

Хваляванне ў зале выклікалі выступленні пракурора і адваката, але судовы старшыня спыніў спрэчкі і абвясціў перапынак для таго, каб прысяжныя вынеслі вердыкт.

Калі падсуднага выводзілі ў суседні пакой, камісар Жуў, не звяртаючы ўвагі на тое, што ягоную прапанову адхілілі, падышоў да маладога журналіста.

— Хадземце, Фандор,— запрасіў камісар,— у нас ёсць чвэрць гадзіны, каб прайсціся.

Калі яны апынуліся на калідоры, Жуў ляпнуў журналіста па плячы і спытаў:

— Ну, што ты пра гэта скажаш?

Жэром Фандор быў надзвычай усхваляваны.

— Вы абвінавацілі майго бацьку?! — вымавіў ён.— Вы сцвярджаеце, што Эцьен Рамбэр — гэта Фантамас! Мне здаецца — гэта сон.

Камісар зазлаваў:

— Ды зразумей жа ты, я не абвінавачваю твайго бацьку, твайго сапраўднага бацьку! Я абвінавачваю Фантамаса, што ён выдаваў сябе за твайго бацьку. Ну падумай, нашто твайму бацьку забіваць маркізу дэ Лангрун? Яе забіў Гурн! Ён проста прыняў аблічча твайго бацькі.

— Але дзе мой сапраўдны бацька?

— Гэтага я не ведаю,— адказаў камісар,— гэтым мы яшчэ зоймемся. Ты мусіш зразумець: справа не скончана, яна толькі распачынаецца...