Читать «Фантамас» онлайн - страница 43

Марсель Ален

Камісар вытрымаў паўзу, і ягоны голас зноў загучаў у прыціхлай зале:

— Такім чынам мы звязалі ў адно забойствы лорда Белсома, маркізы дэ Лангрун і рабаўніцтва ў «Раяль-Палацы». Іх здзейсніў Гурн!.. Але застаецца яшчэ забойства мажардома Далона.

Панове, калі Гурна арыштавалі і абвінавацілі ў адным толькі злачынстве: забойстве лорда Белсома, то ён адразу ж прызнаўся ў ім. Чаму? Каб ніхто не западозрыў яго ў іншых злачынствах. Але я працягваў шукаць, мне неабходна было давесці, што Гурн і Рамбэр адное і тое ж. Я знайшоў такі доказ. Гэта кавалак турыстычнай карты, які знайшлі непадалёк ад замка Бале, яго згубіў па дарозе да замка Эцьен Рамбэр. А вялікую карту, з якой быў выразаны гэты кавалак, я знайшоў на кватэры Гурна. Але гэты кавалак карты захоўваўся ў мажардома Далона. Па маёй просьбе судовы следчы выклікаў яго ў Парыж. Толькі адзін чалавек быў зацікаўлены ў тым, каб Далон і следчы не сустрэліся — гэта Гурн-Рамбэр. Далона забілі па дарозе. Відаць, не варта ўдакладняць, што забіў яго Гурн, Гурн-Рамбэр.

А цяпер трэба высветліць, хто такі сам Гурн, чалавек, які з’яўляецца ў адно месца як Эцьен Рамбэр, у другое — як Гурн, у трэцяе — як элегантны жыхар «Раяль-Палаца», чалавек, які здольны задумваць і здзяйсняць жахлівыя злачынствы, які спалучае дзёрзкасць з эрудыцыяй, талент злодзея з талентам актора: чалавек, які ўжо столькі часу перамагае паліцыю і правасуддзе,— гэтага чалавека завуць не Гурн і не Рамбэр! Ягонае імя — ФАНТАМАС!!!

Камісар змоўк. Імя, якое ён вымавіў, пранеслася ў зале, падхопленае напалоханай публікай:

— Фантамас! Фантамас! Фантамас!

— Пан камісар,— нарэшце сказаў старшыня,— але ж гэта немагчыма: Эцьену Рамбэру — пяцьдзесят гадоў, а Гурну трыццаць пяць.

— Для Фантамаса няма нічога немагчымага! — адказаў камісар.

— Няхай сабе будзе так,— сказаў старшыня,— але вы забыліся пра Шарля Рамбэра, якога дагэтуль усе лічылі забойцам маркізы. Калі забіў Эцьен Рамбэр, то нашто было Шарлю канчаць жыццё самагубствам?

Камісар Жуў адказаў не зусім дакладна:

— А што, калі Фантамас запалохаў гэтага юнака? Пераканаў яго, што той самнамбул і забіў несвядома?

— Можа, і так,— старшыня ўсё яшчэ сумняваўся,— але ёсць яшчэ два факты, якія пярэчаць вашым высновам. Вы кажаце, што Эцьен Рамбэр — гэта Гурн, але Эцьен Рамбэр загінуў пад час аварыі «Ланкастара», вы кажаце, што Гурн забіў мажардома Далона, але на той момант Гурн сядзеў пад вартаю ў турме Сантэ!

Камісар паціснуў плячыма.

— Пан старшыня, у мяне, вядома, няма неаспрэчных доказаў на ўсе выпадкі, але ў мяне ёсць упэўненасць. Я не магу болей маўчаць. Можа, мне не хапае падрабязнасцей, але ўпэўнены, што ў хуткім часе ўсё высветліцца. Вы кажаце, што Рамбэр загінуў, а дзе доказы? Труп жа не знайшлі?!