Читать «Фантамас» онлайн - страница 42

Марсель Ален

Пані Дуланг пільна прыгледзелася да лэдзі Белсом.

— Цяжка сказаць. Можа, яна, а можа, і не.

Старшыня ўсміхнуўся.

— Пастарайцеся ўспомніць.

— Выбачайце, пан старшыня, але мне замінае яе чорны вэлюм.

Лэдзі Белсом адкінула свой жалобны вэлюм.

— Не, пан старшыня,— разгублена сказала кансьержка,— я не магу сказаць дакладна, гэтая жанчына ці іншая прыходзіла да яго...

— Але ўсё ж, як вам здаецца? — настойваў старшыня.

— Я паклялася казаць праўду і не маю права памыляцца: гэта магла быць яна, а магла быць і іншая жанчына!

Судовы старшыня параіўся з асэсарамі, пасля чаго спытаў у адваката, мэтра Барберу:

— Ці няма ў вас пытанняў да сведкі?

I падзякаваў лэдзі Белсом і кансьержцы.

Абвясцілі перапынак у пасяджэнні.

XXIX

Прысуд

— Суд ідзе, папрашу цішыні!

Суддзі занялі свае месцы. Адным толькі ўладным позіркам судовы старшыня ўсталяваў цішыню ў зале.

— Пасяджэнне працягваецца! Запрасіце сведку камісара Жува.

Камісар заняў сваё месца, даў прысягу.

— Вы, пан камісар,— звярнуўся да яго старшыня,— маеце вялікі вопыт удзелу ў судовых справах, мяркую, вы абыдзецеся і без маіх пытанняў.

За час сваёй кар’еры камісар Жуў зрабіў не адно сенсацыйнае выкрыццё. Таму цікаўнасць публікі да яго выступлення была вялікаю.

— Панове,— няспешна пачаў ён,— шмат якія з маіх дапушчэнняў могуць падацца неверагоднымі, але не спяшайцеся адкідаць іх. Памятайце, мажліва здзейсніць усё, што не пярэчыць законам прыроды. Да сённяшняга дня паліцыя і правасуддзе адступалі перад некаторымі крадзяжамі і забойствамі. За гэтыя злачынствы не было адплаты. Дазволю нагадаць пра іх: забойства маркізы дэ Лангрун, рабаўніцтва пані Ван дэн Розэн і княгіні Соф’і Данідавай, крывавае забойства мажардома Далона і, нарэшце, забойства лорда Белсома, у якім абвінавачваецца прысутны тут Гурн. Панове, я перакананы і маю доказы: усе гэтыя злачынствы здзейсніў адзін чалавек — Гурн! Гэта ён абрабаваў княгіню Данідаву. Рабаўнік, калі перацінаў дрот, апёк сабе руку, а ў Гурна такі самы шнар на далоні. Забойства маркізы дэ Лангрун адбылося пры загадкавых абставінах. Маркіза сама запрасіла забойцу ў свой пакой. Але матывы дагэтуль не высветленыя — нічога каштоўнага з замка не знікла. Аднак нядаўна высветлілася, што маркізе належаў латарэйны квіток, які выйграў буйную суму грошай. I гэты квіток знік пасля яе забойства. А потым у адным з банкаў той самы квіток падаў да аплаты ад імя Эцьена Рамбэра невядомы чалавек. Адзначу таксама, што з гэтага часу Рамбэр зрабіўся вельмі заможным. Таксама ёсць паказанні, што Эцьен Рамбэр сеў у дзень забойства ў цягнік Парыж — Люшон, але няма сведак, каб пацвердзіць, што ён сапраўды ехаў гэтым цягніком. Наадварот, ніхто з апытаных пасажыраў яго там не бачыў. Адсюль вынікае, што ён садзіўся на цягнік з мэтаю стварыць сабе алібі, а сам тут жа на пероне вылез праз акно і перасеў на хуткі цягнік, які прыязджае ў Вер’ер на некалькі гадзінаў раней. Нашто гэта яму было патрэбна? У Вер’ерскім тунелі, што перад самым замкам Бале, ідзе рамонт. I ўсе цягнікі спыняюцца перад самым уваходам. Эцьен Рамбэр сышоў з хуткага цягніка, трапіў у замак, забіў маркізу і вярнуўся, дачакаўшыся пасажырскага цягніка, сеў у яго і выйшаў на платформу ў Вер’еры з таго ж цягніка, у які садзіўся ў Парыжы. Такім чынам забойца маркізы дэ Лангрун — Эцьен Рамбэр! А пры супастаўленні слядоў, якія пакінуў забойца маркізы і рабаўнік княгіні, неаспрэчна вынікае, што гэта адна і тая ж асоба. Эцьен Рамбэр — гэта Гурн.