Читать «Фантамас» онлайн - страница 41

Марсель Ален

Затое паказанні лэдзі Белсом абяцалі высветліць шмат цікавага. Маладая ўдава ў доўгім жалобным строі, які падкрэсліваў яе прывабную паставу, выклікала ў прысутных непадробную зацікаўленасць і сімпатыю. Зала падрыхтавалася лавіць кожнае слова. Судовы сакратар правёў лэдзі Белсом да паўкруглай балюстрады пасярод залы насупраць судовай трыбуны.

— Здыміце пальчаткі,— загадаў сакратар і вымавіў сакраментальную фразу: — Кляніцеся казаць праўду, толькі праўду і нічога, апроч праўды. Кажыце без нянавісці і боязі,— і шэптам падказаў: — Адказвайце: «Клянуся!»

Лэдзі Белсом узняла правую руку ўгору і адказала дрыготкім, але чыстым і мілагучным голасам:

— Клянуся!

Судовы старшыня заўважыў хваляванне маладой жанчыны і загаварыў з ёю не так афіцыйна, як з астатнімі сведкамі:

— Супакойцеся, калі ласка. Мне прыкра, што я вымушаны распытваць пані, але таго вымагаюць святыя інтарэсы правасуддзя... Такім чынам, вы сапраўды лэдзі Белсом, удава, па нацыянальнасці англічанка, якая жыве ў Парыжы ва ўласным маёнтку ў Нэі?

— Так, пан старшыня.

— Калі ласка, павярніцеся і адкажыце нам, ці ведаеце вы чалавека, які знаходзіцца на лаве падсудных?

Падпарадкоўваючыся, лэдзі Белсом зірнула на Гурна і адказала:

— Так, гэта Гурн.

— Выдатна. Адкуль вы яго ведаеце?

— Пад час вайны з бурамі мой муж, лорд Белсом, знаходзіўся ў Трансваалі, а Гурн служыў там у войску сяржантам. Там мы і пазнаёміліся.

— Пані ведала яго блізка?

— Я зрэдку бачыла Гурна і выпадкова запомніла яго імя. З-за вялікай адлегласці ў сацыяльным паходжанні паміж намі не магло быць ніякіх сур’ёзных адносін.

— Сапраўды, Гурн быў звычайным сяржантам,— пагадзіўся старшыня,— аднак пасля вайны вы сустракаліся з падсудным?

— Так, выпадкова, пад час таго, як вярталіся ў Англію, мы плылі на адным параходзе.

— Лорд Белсом падтрымліваў адносіны з падсудным?

— Што тычыцца мяне, то — не, а муж, наколькі мне вядома, даручаў яму розныя справы.

— Добра, мы да гэтага вернемся, а зараз, калі ласка, адкажыце на такое пытанне: вы сустракаліся з Гурнам?

Пасля кароткіх разваг лэдзі Белсом адказала:

— Не, але ў той дзень, калі гэтага чалавека арыштавалі, я размаўляла з ім і нават не пазнала яго. Я не магла падумаць, што гэты валацуга — Гурн.

— Выбачайце за прамое пытанне,— працягваў допыт старшыня.— Дазволю сабе нагадаць, што вы пакляліся казаць праўду. Скажыце, вы кахалі свайго мужа?

Лэдзі Белсом не адразу здолела адказаць, але нарэшце вымавіла:

— Лорд Белсом быў нашмат старэйшы за мяне, пан старшыня... — I, баючыся, што яе недакладна зразумеюць, маладая жанчына дадала: — Тым не менш я вельмі паважала лорда Белсома. Нас шмат што звязвала.

На вуснах суддзі з’явілася іранічная ўсмешка.

— Пані здагадалася, нашто я спытаў пра гэта?

— Не.

— Ранейшыя сведкі паказвалі, быццам Гурн быў вельмі... э... захапляўся вамі?

— Я пра гэта не ведала. Яны манілі, пан старшыня!!!

— Калі ласка, запрасіце другі раз пані Дуланг, кансьержку Гурна,— загадаў старшыня.

Кансьержка зайшла ў залу і стала поруч з лэдзі Белсом.

— Пані Дуланг, раней вы паказвалі, што пан Гурн, жыхар вашага дома, час ад часу сустракаўся ў сваёй кватэры з невядомай жанчынай, сваёй каханкай. Вы нават сказалі, што зможаце яе пазнаць. Калі ласка, паглядзіце на гэтую жанчыну, ці не яна гэта?