Читать «Фантамас» онлайн - страница 40

Марсель Ален

— Я дапамагу! Але пачнем з Мюлера?

— Вы ўсё яшчэ сцвярджаеце, што загадалі выпусціць з гатэля рудога злодзея памылкова? — знарок сурова звярнуўся Фузілье да Мюлера.

— Так,— умольна сказаў той.— Напярэдадні ў гатэльным штаце адбыліся змены, і я падумаў, што гэта новы калідорны, да таго ж на ім была уніформа.

— Вы яшчэ казалі,— прамовіў Ламісар Жуў,— што здолееце пазнаць таго чалавека.

— Вядома!

Двое вартавых увялі Гурна ў пакой.

Мюлер, нічога не разумеючы, абыякава глядзеў на ўладны твар забойцы лорда Белсома, на ягоную моцную паставу.

— Хто гэты чалавек? — спытаў судовы следчы.

— Не ведаю,— адказаў Мюлер.

— Гурн, пакажыце яму правую далонь! — загадаў камісар.— А вы, Мюлер, пастарайцеся згадаць, ці не сутыкаліся вы з ім у «Раяль-Палацы».

— Я разумею, што каб я яго пазнаў, то ўсе абвінавачванні з мяне знялі б, але, на жаль, я сапраўды бачу яго ўпершыню...

— Дзякуй за шчырасць. Можаце ісці,— сказаў Фузілье.

Калі за Мюлерам зачыніліся дзверы, следчы звярнуўся да Гурна:

— Дзе вы былі летась у другой палове снежня?

Гурн няпэўна паціснуў плячыма. Па ўсім было відаць, што ён разгубіўся ад такога пытання. Следчы, які і разлічваў на такі эфект, нахіліўся да сакратара і шэптам загадаў яму запрасіць у кабінет мажардома Далона, які, па ўсіх разліках, мусіў ужо быць у пачакальні. Але сакратар вярнуўся адзін і разгублена падаў следчаму Фузілье ліст, надрукаваны на службовым бланку:

«Сёння раніцай на чыгуначных рэйках, у пяці кіламетрах каля Вер’ера, знойдзены труп мужчыны, які, відаць, скінулі з цягніка, што ехаў у Парыж. Ідэнтыфікаваць знявечаны сустрэчным цягніком труп практычна немагчыма, але пры ім знойдзены дакументы на прозвішча Далона і ліст, паводле якога можна меркаваць, што ён кіраваўся ў Парыж на сустрэчу з судовым следчым Фузілье.

Спецыяльны камісар Аўстэрліцкага вакзала».

Следчы перадаў ліст камісару. Жуў прабег яго вачыма і ціха сказаў:

— Я мушу неадкладна ехаць у Вер’ер...

Гурн спакойна сачыў за размовай следчага і камісара.

XXVIII

Пасяджэнне суда прысяжных

Чарговы сведка скончыў даваць паказанні. Старшыня суда — радца д’Асторг, павярнуўся да судовага сакратара і загадаў:

— Запрасіце лэдзі Белсом!

Покуль сакратар выконваў загад, судовую залу агарнуў неспакой.

Усе самыя вядомыя парыжане імкнуліся трапіць на гэтае пасяджэнне. Менавіта зараз яны ўбачаць і выкажуць свае адносіны да злачынцы Гурна — забойцы лорда Белсома.

Пасля неабходных умоўнасцей сакратар зачытаў абвінаваўчае заключэнне. Але ў ім былі толькі ўсім вядомыя, апублікаваныя ў друку факты.

Допыт Гурна, які з дзіўнай абыякавасцю сядзеў на лаве падсудных, таксама нікога не зацікавіў.

У першы ж дзень следства Гурн прызнаў сваю віну, так што цяжка было дадаць што-небудзь істотнае. Уся энергія старшыні суда ішла на тое, каб удакладніць некаторыя факты з біяграфіі падсуднага. Ён імкнуўся высветліць матывы, якія прымусілі Гурна пайсці на такую рызыку, як наведванне палаца лэдзі Белсом, удавы ягонае ахвяры, менавіта гэта дазволіла камісару Жуву яго арыштаваць.