Читать «Фантамас» онлайн - страница 39

Марсель Ален

Нібэ слухаў, што казаў Гурн, і адначасова разважаў. Наогул яго задавальняў такі вынік, аднак ён не ведаў, што скажа таямнічая пані, якая так добра плаціць. I Нібэ шчыра выказаў свае сумненні Гурну. Гурн зарагатаў і супакоіў Нібэ:

— Не хвалюйся, у цябе яшчэ ўсё наперадзе. Мы рашылі выпрабаваць цябе, паглядзець, да чаго ты здатны. Магу запэўніць: калі я зараз у турме, то на гэта ёсць падставы.

У Палацы Правасуддзя судовы следчы Фузілье размаўляў з камісарам Жувам.

— Паўтараю, пан следчы,— казаў камісар,— я лічу, што карта Тарыда, якую знайшлі на кватэры ў Гурна, мае вялікае значэнне.

— Нават так? — іранічна спытаў следчы.

— Калі я не памыляюся, летась, калі я займаўся расследваннем забойства маркізы дэ Лангрун у замку Бале, я знайшоў кавалак ад карты, карты Тарыда, на якой быў той самы кавалак мясцовасці, дзе знаходзіцца замак. Я аддаў карту следчаму дэ Прэлю, упаўнаважанаму весці тую справу, аднак ён не звярнуў на яе ўвагі. Ды і я сам не ведаў, да чаго яна прыдасца.

— Сапраўды,— кіўнуў следчы Фузілье,— што дзіўнага ў тым, калі ў нейкім раёне знаходзяць карту гэтага ж раёна?

Жуў усміхнуўся.

— Вы разважаеце дакладна так, як у свой час разважаў дэ Прэль. Тым не менш я паўтару вам тое ж, што адказаў дэ Прэлю: калі дзе-небудзь раптам знойдзецца карта, з якой выразалі гэты кавалак, і мы даведаемся імя гаспадара, то гэта падштурхне нас на пэўныя думкі.

— Якія?

— Карту знайшлі ў замку Бале, а ў Парыжы на кватэры Гурна я знайшоў тую самую карту, з якой выразалі гэты кавалак. Калі мае думкі пацвердзяцца і гэты кавалак падыдзе да карты Гурна, то можна будзе зрабіць лагічны вывад, што менавіта Гурн быў у замку Бале і мае дачыненне да забойства маркізы дэ Лангрун.

— Як вы гэта даведзяце?

— Каб гэта давесці,— заўважыў Жуў,— мы выклікалі сюды Далона. Ён дапамагаў весці следства дэ Прэлю, і ў яго павінен захавацца кавалак той карты. Мы параўнаем яго з картай Гурна.

— Добра,— сказаў Фузілье,— нават калі абрывак падыдзе да карты Гурна, ці зможам мы давесці і катэгарычна сцвярджаць, што Гурн — забойца маркізы дэ Лангрун? Вы хочаце пераканаць мяне, што Гурн — гэта Фантамас?

Фузілье яшчэ хацеў абмеркаваць з камісарам Жувам іншыя судовыя справы, але яго перапыніў сакратар:

— Пан Фузілье, вы мусіце яшчэ распытаць дваіх чалавек, — і паклаў перад судовым следчым дзве поўныя папераў папкі.

На верхнім дасье камісар Жуў прачытаў назву: «Справа «Раяль-Палацж

— Па рабаўніцтву ў гатэлі няма нічога новага?

Следчы адмоўна пахітаў галавою.

— А цяпер пан выкліча Мюлера, дзяжурнага парцье, ці не так? — спытаў камісар?

— Але.

— Тады папрашу дапамагчы мне. Пасля Мюлера вы будзеце дапытваць Гурна па справе Белсома?

— Так.

— Трэба зрабіць, каб яны сустрэліся тут на маіх вачах.

— Нашто?

— Я згадаў пра шнар на далоні,— усміхнуўся Жуў.— Памятаеце, невядомага рабаўніка ў «Раяль-Палацы» ляснула токам, калі ён перацінаў дрот у ванным пакоі Соф’і Данідавай. А такі ж самы шнар-апёк ёсць на далоні Гурна!