Читать «Фантамас» онлайн - страница 37

Марсель Ален

Бліснула маланка, і невядомы імгненна зарыентаваўся.

«Здаецца, ужо недалёка»,— падумаў ён і заўважыў, што абапал рэек стромыя адхоны ідуць угару; дарога праходзіла ў катлавіне.

— Так лепш, вецер сюды не трапляе, адно свішча недзе ў вышыні! — мужчына спыніўся, асцярожна паставіў на зямлю вялікі пакунак.— Толькі што на вежы прабіла тры гадзіны,— казаў ён сам сабе.— Калі верыць раскладу, то ў мяне яшчэ ёсць хвілін дзесяць. Мне няма чаго турбавацца: насып тут пясчаны, без гравію, трава невысокая, бегчы можна, паваротаў ніякіх. Святло ад паравозных фараў я ўбачу здалёк...— Вусны невядомага скрывіліся ва ўсмешцы.— I ўсё ж, ці мог я падумаць у тыя далёкія часы, калі бадзяўся па Амерыцы, што мне давядзецца заскакваць у цягнік, калі той едзе?

Далёкі, спачатку неакрэслены гул прымусіў яго насцярожыцца... У цемры ўзніклі два белыя мігатлівыя агні — фары паравоза.

Покуль цягнік набліжаўся, невядомы размінаўся: нахіляўся, прысядаў, махаў рукамі.

Але вось цягнік з грукатам наблізіўся да яго. На прыканцы доўгага пад’ёму ён ішоў не вельмі хутка, кіламетраў дваццаць на гадзіну. Мужчына спрытна, як леапард, кінуўся бегчы з ім навыперадкі. Гэта давалася яму з цяжкасцю, але, падхоплены ветрам, невядомы прайграваў яму не так і шмат.

Міма прамільгнулі паравозны тэндар, багажныя вагоны, вагоны трэцяга класа. Мужчына ўбачыў, што вагон другога класа апынуўся поруч з ім, ухапіўся за парэнчы і ўскочыў на прыступку. Ён адчыніў дзверы і апынуўся ў пустым вагонным калідоры. Загрукатаў сустрэчны цягнік, невядомы ўсміхнуўся: «Я ж казаў, што мой спадарожнік паспее да цягніка! Цераз пяць хвілін яны сустрэнуцца, цераз пяць хвілін мярцвяк разам са сваім багажом ператворыцца ў крывавы фарш!..»

— Жувізі! Стаім дзве хвіліны!

Уздоўж цягніка, які спыніўся на станцыі, беглі праваднікі. Была палова на пятую раніцы, трэба было будзіць пасажыраў.

З купэ другога класа спрытна саскочыў на зямлю невядомы і падаўся да выхада з перона. Паказаў кантралёру праязны білет і выйшаў.

Праз некаторы час рабочы-муляр у сваёй звычайнай працоўнай вопратцы наблізіўся да касавага акенца і папрасіў касірку:

— Калі ласка, мне білет у трэцім класе рабочага цягніка да Парыжа і назад...

Пасажырскі цягнік Люшон — Парыж нечакана спыніўся перад Аўстэрліцкім вакзалам. Покуль пасажыры маглі толькі здагадвацца аб прычынах гэтай стаянкі, да цягніка наблізіліся трое мужчын і пайшлі ўздоўж яго.

— Паглядзіце, пан камісар! — сказаў адзін з іх.— Зірніце сюды. На гэтых дзвярах не зачынена страховачная засаўка.

— Сапраўды... — камісар узяўся за клямку і адчыніў дзверы ў купэ.

Двое пасажыраў, якія пакавалі свае чамаданы, здзівіліся, што нехта сядае ў цягнік так недалёка ад канечнага прыпынку.

— Панове, выбачайце за турботы, але мы тут па службовым абавязку.— Камісар расхінуў плашч і паказаў трохколерную стужку — сімвал дзяржаўнае Улады. — Я спецыяльны камісар Аўстэрліцкага вакзала. Мне паведамілі, што на рэйках, непадалёк ад Жувізі, знайшлі труп мужчыны,— хутчэй за ўсё, яго выкінулі з гэтага цягніка.