Читать «Фантамас» онлайн - страница 35

Марсель Ален

— Добры вечар,— павітаўся ён.— Ужо шэсць гадзін, у рэстарацыі пытаюцца, ці несці вам вячэру?

— Не, абыдуся казённай.

— Вам, відаць, цяжка з фінансамі?

Раззлаваны Гурн хацеў паказаць ахоўніку, што не хоча з ім гаварыць, але той зайшоў у камеру, наблізіўся да Гурна і паклаў яму ў далонь нейкую паперку.

— Трымайце вось гэта.

Гурн здзіўлена зірнуў на банкноту, якую атрымаў ад ахоўніка.

— Калі яшчэ спатрэбяцца грошы,— шаптаў Нібэ,— не саромейцеся, я ўсё зраблю.

Гурн хацеў спытаць, ад каго гэты падарунак, але ахоўнік перапыніў яго:

— Я зараз вярнуся, толькі закажу для вас добрую вячэру!

Калі Гурн застаўся адзін, ён з палёгкаю ўздыхнуў. Каханка не кінула яго ў няшчасці. Але і ён маўчаў пра сваю сувязь з ёю, ахоўваючы яе ад падазрэння ў саўдзеле.

Дзверы ў камеру зноў адчыніліся.

— Ну, што? — сказаў ахоўнік. Ён трымаў у руцэ плецены кошык, напоўнены рознымі ласункамі, з-пад якіх тырчала бутэлька віна.— Тут шмат смачнага.

— Я вельмі ўдзячны вам! — узрадаваўся Гурн.

Нібэ шматзначна падміргнуў, задаволены сваёй дапамогай.

За вячэрай Гурн казаў Нібэ:

— То гэта вы цяпер замест Сьежанталя?

— Так,— кіўнуў Нібэ, які час ад часу выбягаў на калідор, каб пераканацца, што ніхто не зловіць яго са шклянкай віна, якую прапанаваў Гурн.— Я шмат разоў дамагаўся, каб мяне павысілі, у маёй асабовай справе ёсць тры лісты дэпутатаў ад апазіцыі. Дык вось, уявіце сабе, на тым тыдні мяне выклікалі ў міністэрства юстыцыі і паведамілі, што маёй асобай цікавіцца нейкае пасольства, мяне спыталі, ці хачу я, каб мяне павысілі, я не адмовіўся. У выніку я апынуўся ў Парыжы.

Гурн ківаў галавою.

— А адкуль грошы? — спытаў ён.

— Учора ўвечары на вуліцы да мяне падышла пані,— пачаў тлумачыць ахоўнік.— «Гэта вы Нібэ?» — пытаецца. Адказваю: «Так...» Ну, пагаварылі. Яна дачакалася, калі побач не будзе людзей, і паклала мне ў руку грошы, даволі вялікі стос банкаўскіх білетаў, сказала, калі я выканаю ўсё, як яна загадала, то дасць яшчэ грошай...

Покуль ахоўнік Нібэ расказваў, Гурн уважліва яго разглядаў: тоўстыя вусны, вузкі лоб сведчылі, што ахоўнік часцей глядзеў на зямлю, чым на неба. Гурн вырашыў адразу ж перайсці да справы.

— Слухай, мне тут абрыдла сядзець! — фамільярна сказаў ён і паклаў руку ахоўніку на плячо.

Той спалохана глянуў на Гурна.

— Зразумела. Што ж тут зробіш? Але з цягам часу ўсё неяк уладкуецца.

— Само па сабе нічога не ўладкоўваецца, дзеля гэтага трэба паклапаціцца. Вось ты і паклапоцішся. Зразумела,— пераконваў Гурн,— кожная праца павінна аплачвацца. I нельга, каб з-за ўцёкаў зняволенага ахоўнік страціў сваё месца.

— Гэта так,— пагадзіўся Нібэ.

— Не хвалюйся, Нібэ, памылкі мы не зробім, але давай пагаворым сур’ёзна. Калі ты сустракаешся зноў з тою пані, што дала табе грошы?

Павагаўшыся, ахоўнік адказаў:

— Мы дамовіліся ў адзінаццаць.

— Вось і цудоўна. Перадай ёй, каб яна прынесла дзесяць тысяч франкаў.

— Дзесяць тысяч? — перапытаў ашаломлены ахоўнік.

— Дзесяць тысяч,— пацвердзіў Гурн.— Да раніцы! З іх паўтары тысячы для мяне — заўтра ўвечары я адсюль знікну.

Ахоўнік Нібэ вагаўся:

— А калі мяне выкрыюць?