Читать «Фантамас» онлайн - страница 33

Марсель Ален

— Жак! Дзе ты?

— Тут! У майстэрні.

Праз колькі месяцаў пасля забойства маркізы дэ Лангрун баранеса дэ Вібрэ ўзяла Далона на працу і была задаволена ім. Ён пераехаў у флігель замка Керэль і, вядома, не мог падумаць, што лёс яго дзяцей неўзабаве зменіцца.

Баранеса па-сапраўднаму прывязалася да ягонай дачкі Элізабэт, да якой і Тэрэза Авернуа ставілася як да сяброўкі, і да Жака, якога лічыла вельмі разумным хлопцам. Яна не раз казала, што дапаможа знайсці яму ў жыцці сваю дарогу.

Разам з сынам Далон выйшаў у парк, але тут Жак спыніў яго:

— Тата, нас кліча паштар.

— Пан Далон,— звярнуўся да яго паштар,— гэта афіцыйны ліст, і я абавязаны аддаць яго вам асабіста.

— Кабінет судовых следчых? — здзівіўся Далон, калі разгарнуў бланк.— Хто мне можа пісаць з Палаца Правасуддзя?

Ён пачаў чытаць уголас:

— Пан Далон, я не маю часу выклікаць Вас праз судовага ўпаўнаважанага павесткай, таму прашу Вас тэрмінова, пажадана, не пазней чым паслязаўтра, прыехаць у Парыж і з’явіцца ў мой кабінет, бо мне неабходныя Вашыя сведчанні, каб завяршыць следства па справе, у выніках якой зацікаўлены і Вы самі. Прашу Вас прыхапіць усе без выключэння дакументы, якія перадаў Вам судовы сакратар пасля завяршэння разгляду справы маркізы дэ Лангрун.

— Ад каго ліст? — пацікавіўся Жак.

— Падпісаў Жэрмэн Фузілье.

Покуль паштар адпачываў, Далон напісаў у адказ такі тэкст тэлеграмы:

«Пану Жэрмэну Фузілье, судоваму следчаму. Парыж. Выязджаю заўтра, дванаццатага лістапада, цягніком на сем дваццаць увечары, у Парыжы буду а пятай раніцы. Час сустрэчы прызначце тэлеграмай. Гатэль «Фран Буржы», дом 152, вуліца дзю Бак».

XXIV

У турме Сантэ

Гурн імкліва хадзіў па двары турмы Сантэ, ён выкарыстоўваў кожную хвіліну, адведзеную турэмным раскладам, для шпацыру.

Ужо мінула пяць дзён з таго часу, як забойца лорда Белсома быў арыштаваны, калі выходзіў ад сваёй каханкі лэдзі Белсом, і вось пяць дзён ён сядзеў за кратамі.

Спачатку вязню было невыносна цяжка прызвычаіцца да зняволення. На яго находзіў то шал, то адчай, але цвёрды характар і сталёвая воля дапамаглі Гурну авалодаць сітуацыяй.

Гурн імкнуўся не згубіць выдатную фізічную форму і кожны шпацыр колькі разоў хутка абыходзіў двор.

— Пан так шпарка ходзіць,— звярнуўся да яго ахоўнік,— што, відаць, служыў у спецыяльным атрадзе пешых стралкоў. Некалі і я належаў да гэтай вайсковай эліты. Колькі часу ўжо прайшло! Пан таксама ваяваў? Я чуў, вы даслужыліся да сяржанта ў Трансваалі?

Гурн моўчкі кіўнуў.

— А мне не выпала ўзняцца вышэй капрала.— Ахоўнік Сьежанталь паклаў Гурну на плячо руку.— Прызнайцеся, гэта ж усё з-за жанчыны? Забойства на глебе рэўнасці, у стане шалу? Праўда?

Гурн паціснуў плячыма. Прабіў гадзіннік.

— Зняволены Гурн, час вяртацца ў камеру!

Гурн падпарадкаваўся. Ахоўнік Сьежанталь замкнуў за ім дзверы. Гурн застаўся адзін. На калідоры пачуўся голас:

— Камера сто дваццаць сёмая, зняволены Гурн, падрыхтавацца, вас выклікаюць да адваката!