Читать «Фантамас» онлайн - страница 32

Марсель Ален

Жуў адклаў газету.

— Што гэта азначае? Узарваўся карабель? Адкуль на пасажырскім параходзе порах? — Камісар убачыў спіс загінуўшых пасажыраў. — Сапраўды, тут напісана, што Эцьен Рамбэр лічыцца сярод пасажыраў першага класа. Дзіўна!

Жэром Фандор цяжка ўздыхнуў.

— Гэта цяжкі ўдар, і мне з ім ніколі не суладаць,— вымавіў ён.— Калі ў той дзень вы сказалі, што не лічыце мяне забойцам, мне трэба было сустрэцца з бацькам,— юнак ледзь стрымліваў сябе.

— Не перажывай,— Жуў паляпаў яго па плячы.— Трымайся, нягледзячы ні на што. Павер мне, перажываць яшчэ рана.

— Што вы маеце на ўвазе? Усё скончана...

— Мы не маем аніякіх доказаў, што твой бацька загінуў.

— Як? — здзівіўся Жэром Фандор.— Вы, відаць, няўважліва прачыталі артыкул? Там напісана, што выратаваўся толькі адзін матрос і няма аніякае надзеі знайсці яшчэ каго-небудзь пасля катастрофы.

— А раптам твайго бацькі не было на параходзе?

— Але ён лічыцца ў спісе пасажыраў.

Жуў нервова прайшоўся па пакоі.

— Кажу табе, не перажывай. Такія памылкі здараюцца. Можа, твой бацька і збіраўся плыць на «Ланкастары», але ў апошні момант перадумаў або яму нешта перашкодзіла.

Словы камісара здзівілі Жэрома Фандора.

— Пра што вы, пан камісар?

— Нічога пэўнага, але ты мусіш мне верыць. Магчыма, бацька твой жывы. Да таго ж у цябе ёсць яшчэ і маці,— камісар Жуў нечакана змяніў тэму.— Як ты знайшоў мяне тут, у Гурна?

— Выпадкова,— збянтэжыўся Жэром Фандор.

— Гэта не адказ!

— Я ішоў за вамі.

— Ішоў? — здзівіўся Жуў.

— Ад самага вашага дома.

— Скажы шчыра, ты сочыш за мною?

— Ну што, пан камісар, так! Я сачу за вамі штодня.

— Я гэтага не заўважаў,— здзівіўся Жуў.— Але нашто ты гэта робіш?

— Прашу дараваць мне,— сумеўся Жэром Фандор.— Цяпер гэта гучыць дзіўна... Я думаў — вы Фантамас!

— А з чаго ты ўзяў, што я Фантамас? — рассмяяўся камісар.

— Я паабяцаў сабе,— пачаў тлумачыць Фандор,— што абавязкова знайду чалавека, які сапсаваў мне жыццё. Але я ведаў, што Фантамас надзвычай спрытны злодзей. А мне вядомы толькі адзін такі хітры чалавек. Гэта вы, пан камісар.

— Сапраўды, цікава, тут ёсць логіка.

— Не, я больш не веру ў гэта. З таго часу, як вы ўвайшлі ў гэты дом. Фантамасу няма чаго шукаць у Гурна, таму што...

Юнак змоўк. Жуў пільна глядзеў на яго.

— Паслухай, Фандор, ты, як журналіст, неўзабаве зробішся лепшым крымінальным хранікёрам нашага часу, калі і надалей будзеш такі здагадлівы і знаходлівы! — Камісар Жуў нечакана пацягнуў яго за сабою.— Пайшлі ў Палац Правасуддзя. Мне трэба выклікаць па справе Гурна аднаго сведку.

Дождж, што ішоў з самае раніцы, нарэшце сціх. Мажардом Далон паглядзеў на неба, каб упэўніцца, што ён не пачнецца зноў, потым выйшаў з пакоя і паклікаў сына: