Читать «Фантамас» онлайн - страница 31

Марсель Ален

Камісар пачаў праглядаць лісты, потым падняўся з-за стала і падышоў да паліц з кнігамі. Пагартаў асобныя томікі, яшчэ раз праглядзеў чыгуначны даведнік, потым марскі расклад.

«Атрымліваецца, Гурн — гэта Гурн,— думаў камісар.— I калі быць аб’ектыўным, то трэба пагадзіцца: знойдзенае тут сведчыць пра тое, што гэты Гурн, куды ні кінь, шчыра займаўся сваёю справаю. Але ж гэта немагчыма!»

Паліцыянт зняў з паліцы кардонку, якая імітавала кнігу, у ёй знаходзіўся камплект буйнамаштабных турысцкіх карт.

— Праверым яшчэ раз,— сказаў сам сабе Жуў. I нечакана з ягоных вуснаў зляцела: — Халера! Вось гэта тое, што трэба!

Камісар нават падхапіўся.

«Так, гэта сапраўды карты цэнтральных раёнаў! Вось Кагор, вось Брыў... А вось тут мусіць быць Бале! Не хапае якраз гэтай часткі».

Камісар зачаравана глядзеў на карту, дзе замест плана замка маркізы дэ Лангрун чарнела акуратна прарэзаная дзірка: «Эх, каб удалося давесці, што кавалак, які я знайшоў недалёка ад вакзала ў Вер’еры на наступны дзень пасля забойства, выразаны менавіта з гэтае карты, якая належыць Гурну!»

Жуў паглядзеў на нумар карты, потым склаў яе і сабраўся выйсці з кватэры Гурна, але не паспеў зрабіць і кроку, як цішыню працяў пранізлівы званок. Камісар спыніўся. «Хто гэта можа званіць у кватэру Гурна? — падумаў ён. — Увесь Парыж ведае, што яго арыштавалі!» Камісар на ўсялякі выпадак праверыў, ці на месцы рэвальвер. Дзверы адчыніліся, у парозе стаяў Шарль Рамбэр.

«Нічога сабе»,— здзівіўся камісар Жуў.

— Гэта ж Шарль!.. Выбачай, Жэром Фандор!

XXIII

Знікненне «Ланкастара»

Не кажучы ні слова, юнак зайшоў у кватэру і зачыніў за сабой дзверы.

— Што здарылася? — спытаў камісар.

— Трагедыя,— адказаў Жэром Фандор.— Загінуў мой бацька!

— Што ты кажаш? — здзівіўся камісар.— Эцьен Рамбэр загінуў?

Жэром Фандор паказаў Жуву газету, якую трымаў у руцэ.

— Чытайце,— вымавіў ён і паказаў артыкул на першай старонцы.

Буйны загаловак быў, відавочна, разлічаны на тое, каб спыняць увагу: «Вада! Агонь! Порах! 150 чалавек загінула!» Ніжэй падзагаловак удакладняў: «Затануў карабель «Ланкастар» ! »

— Пры чым тут твой бацька? Нічога не разумею,— здзівіўся Жуў.

— Пачытайце,— настойліва паўтарыў Жэром Фандор.

Юнак быў настолькі ўсхваляваны, што камісар вырашыў прачытаць артыкул:

«Толькі што здарылася яшчэ адно жахлівае няшчасце: параход «Ланкастар», які належаў кампаніі «Рэд Стар» і курсіраваў паміж Каракасам і Саўтгэмптанам, затануў з пасажырамі, як толькі выйшаў у мора і яшчэ знаходзіўся ў зоне бачнасці маяка. Выратаваўся толькі адзін чалавек з каманды. За выключэннем гэтага марака, уся каманда і ўсе пасажыры загінулі...

Не паспеў параход выйсці з порта, як на маяку ўбачылі, што ён разваліўся на кавалкі і праз імгненне знік у моры. У той жа час да яго накіраваліся караблі з порта. На жаль, яны прыплылі занадта позна.

Нашаму калегу з «Таймс» пашчасціла ўзяць інтэрв’ю ў выратаванага матроса. Яго прозвішча Джэксан. Вось што ён расказаў:

— Мы выйшлі з порта, і карабель пайшоў поўным ходам, мора было даволі спакойнае. Я нацягваў брызент над рубкай з багажом, раптоўна грымнуў выбух незвычайнае сілы, ён дагэтуль гучыць у маёй галаве. Узарвалася нешта ў грузавым труме. Гэта адзінае, што я магу сказаць дакладна. У той жа момант карабель разнесла на кавалкі. Калі апрытомнеў, то ўбачыў, што ляжу на вадзе. Цудам удалося схапіцца за выратавальны буй, як вы самі разумееце, у такім стане я наўрад ці ўсведамляў, што раблю, аднак інстынкт самавыратавання прымусіў мяне з усяе сілы трымацца за яго. Праз нейкі час мяне заўважылі і выратавалі».