Читать «Фантамас» онлайн - страница 30

Марсель Ален

— I я забіў яго,— пагадзіўся Гурн.

Лэдзі Белсом спужана паглядзела на Гурна.

— Здаецца, паліцыя высачыла мяне,— казаў ён далей.— Вядома, я змяніў сваю знешнасць да непазнавальнасці, але мяне ледзь не арыштавалі.

— Мяркуеш, паліцыі вядома, як усё адбылося?

— Не,— сказаў Гурн,— яны толькі ведаюць, што я забіў яго малатком.

— Жах! — прастагнала лэдзі Белсом.

— За мною палююць, як за забойцам.

— Так, мы паводзілі сябе неабачліва. А можа, зрабіць усё так, каб падазраваць пачалі іншага? Ну, якога-небудзь вядомага злодзея? Фанта...

— Не згадвай Фантамаса,— перапыніў яе Гурн.— Магчыма, мне давядзецца ўцякаць — і, магчыма, у Англію.

— Гэта будуць нашыя з табою ўцёкі!

Гурн усміхнуўся, ён чакаў такога адказу.

— Да заўтра.

Лэдзі Белсом бязгучна адсунула засаўку, вярнулася да каміна і націснула гузік званка — з’явіўся Уолтэр.

— Правядзіце гэтага пана да брамы, я адпускаю яго!

Гурн моўчкі выйшаў. Уолтэр — за ім.

Раптам цішу ўскаланулі крыкі і тупат.

— Гэта ён! — крычалі знадворку.— Лавіце яго! Трымайце яго! Вось ён!

— Пан камісар, сюды! Забойца! Гурн!

Збялелая, як палатно, лэдзі Белсом прашаптала:

— Божа літасцівы, што з ім зробяць?

У калідоры Сілвертаўн крычаў:

— Арыштавалі Гурна! Забойца лорда Белсома быў тут!

А потым усхваляваны голас Лізбэт:

— Лэдзі Белсом... Раптам ён забіў і яе?!

Здалёк, з парку, прагучаў голас Гурна:

— Прэч ад мяне, быдла!

Лэдзі Белсом сцялася ад гэтых слоў. У гасцёўню зайшоў задаволены аканом Сілвертаўн:

— Я адразу здагадаўся, што гэта той самы нягоднік. Я пазнаў яго, не дапамагла барада. Я адразу патэлефанаваў у паліцыю. Яны і перахапілі яго.

— I што? — ледзь чутна спытала лэдзі Белсом.

— Дзякуючы мне арыштавалі забойцу.

Лэдзі Белсом самлела. У парозе з’явіўся камісар Жуў.

— Дазвольце зайсці? — спытаў ён.

XXII

Знаходка

Калі камісар Жуў прыехаў на вуліцу Левэра, гадзіннік прабіў тры разы.

Кансьержка дома нумар 147, таго самага, дзе ў кватэры Гурна знайшлі запакаваны ў чамадане труп лорда Белсома, сядзела за філіжанкай кавы. Узнімаючыся па сходах, камісар Жуў разважаў:

«Дагэтуль невядома, нашто Гурн забіваў лорда Белсома? Ды і наогул, хто ён такі, гэты Гурн? Дзёрзкае, да драбніц прадуманае, бліскуча здзейсненае забойства — аніхто не бачыў, аніхто не чуў».

Камісар адамкнуў дзверы сваім ключом і прайшоў у гасцёўню.

«Я агледзеў усе шафы. Нічога. Перабраў усе рэчы, што запакаваў Гурн, але нічога вартага ўвагі не знайшоў...»

Камісар перайшоў у спачывальню. Каля каміна, пад сцяною, стаяў невысокі сакрэтнік, над ім віселі паліцы з кнігамі.

«Можа, паглядзець сярод кніг? Мае хлопцы ўжо займаліся гэтым, наўрад ці якая дробязь абмінула іх».

Камісар Жуў пачаў метадычна перакладаць паперы. Нарэшце знайшоў патрэбную. Ён разгарнуў вялікі аркуш шчыльнай гербавай паперы і ўважліва прачытаў пасведчанне на прысваенне сяржанцкага звання Гурну.

— Неверагодна! — ускрыкнуў ён.— Дакумент сапраўдны, і ён сведчыць пра тое, што некалі гэты нягоднік быў сумленным чалавекам.— Камісар Жуў пляснуў па стале.— Дык няўжо Гурн — гэта толькі Гурн? Няўжо я памыліўся?