Читать «Фантамас» онлайн - страница 13

Марсель Ален

Прагучаў званок. Вярнуліся прысяжныя, занялі свае месцы. У цішыні падняўся старшыня прысяжных:

— Перад богам і людзьмі прысяжныя аднагалосна адказалі «не» на ўсе пытанні.

Гэта было поўным апраўданнем Шарля Рамбэра.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .

X

Княгіня Соф’я прымае ванну

Перад парталам гатэля спыніўся шыкоўны аўтамабіль. Адміністратар Луі пачціва схіліўся.

— Вы пойдзеце да сябе? — спытаў ён ветліва ў княгіні, калі яна выйшла з машыны.

Тая ледзь заўважна кіўнула.

— Ліфт для пані Соф’і Данідавай.

Цень лёг на падлогу хола. Праз імгненне княгіня знікла ў кабіне. Ліфт пайшоў угору.

Княгіня Соф’я займала ў гатэлі «Раяль-Палац» нумар з чатырох пакояў на чацвёртым паверсе. На такую раскошу яна мела права двойчы. Уладальніца вялікай маёмасці і багаццяў, яна да таго ж належала да вышэйшай арыстакратыі: шлюб з князем Данідавым рабіў яе стрыечнай сястрой расійскага імператара. Княгіні Соф’і толькі споўнілася трыццаць, яе блакітныя вочы надзіва прыемна кантраставалі з цяжкімі чорнымі косамі, яна была надзвычай прыгожай і чароўнай. Трымалася свецкага ладу жыцця і не меней як паўгода праводзіла ў Парыжы, дзе спынялася па-амерыканску ў «Раяль-Палацы».

Княгіня Соф’я мінула вялікую гасцёўню свайго нумара і зайшла ў спачывальню. Яна павярнула ўключальнік на сцяне, пырснула святло.

— Надзін! — паклікала яна нізкім голасам.

З невысокай канапы, што стаяла ў куце, адразу ж падхапілася маладая дзяўчына — відаць, княгіня пабудзіла яе.

— Надзін, памажы мне распрануцца,— загадала княгіня,— і прывядзі да ладу мае валасы, я стамілася.

— Прахалодны вечар, ці не так, княгіня? — рызыкнула спытаць дзяўчына ў гаспадыні і накінула ёй на плечы шырокі пеньюар.

Надзін была чаркешанкай: зграбная, рухавая брунетка, з донцаў блакітных вачэй прабівалася прыхаванае полымя.

Надзін яшчэ марыў сон, і яна неасцярожна правяла грэбенем па валасах.

— Цішэй ты! — ускрыкнула княгіня і раз’юшана хвастанула дзяўчыну па шчацэ.

Надзін адскочыла, вочы яе бліснулі нянавісцю.

— Я не прывыкла, каб мяне білі!

Княгіня здзіўлена паглядзела на яе.

— Надзін, на калені! — загадала яна.— Прасі прабачэння або сыходзь прэч!

Надзін кінулася ў ногі да княгіні, тая, задаволеная, ласкава падняла яе.

— Добра,— сказала яна.— Я ўжо не сярдую, а цяпер я мушу пабыць адна!

— Я прашу дазволіць мне застацца. Я хацела б дапамагчы.

— Не,— адказала княгіня,— ідзі да сябе.— Але адразу ж перадумала, кранула лоб рукою: — Хаця, добра, падрыхтуй ванну.

Праз колькі хвілін княгіня Соф’я распранулася і сабралася ўжо легчы ў ванну, але раптоўна вярнулася ў спачывальню.