Читать «Муштук i папка» онлайн - страница 4

Янка Брыль

Пісаўся вобраз старога Вячэры з асобы не толькі рэальнай, але ў пэўным сэнсе i гістарычнай. Яго прататыпам стаў нарачанскі рыбак Міхаіл Роліч, які быў удзельнікам паўстання рыбакоў у 1935 годзе. Toe паўстанне ў свой час мела шырокі розгалас. Яго па свежых слядах адлюстраваў Максім Танк у сваёй славутай паэме «Нарач» (1937). Янка Брыль добра ведаў Роліча, некалькі разоў сустракаўся з ім у нарачанскіх мясцінах.

«Надпіс на зрубе» належыць да апавяданняў, у якіх шмат месца займае свет прыроды. Жывёльны свет адлюстроўваецца ў апавяданнях «Цюцік» (1937) i «Ветэрынар» (1942). Абодва яны напісаны з добрым разуменнем нораваў жывёл (сабачкі i козліка), ix звычак, а таксама псіхалогіі дзяцей, якія душой цягнуцца да «братоў нашых меншых», адчуваюць радасць ад судакранання з імі. У «Ветэрынары» апавядальнікам выступае падлетак, якому добра пасуе гумарыстычная ўсмешка, прыкметная ў творы.

Янка Брыль любіў гумар, трапна карыстаўся ім i ў жыццёвых стасунках, i ў мастацкай творчасці. Сутыкаючыся з дурнотай наяве ці пішучы пра яе, не грэбаваў i з'едлівай іранічнасцю, а то пераходзіў i на сарказм.

Але з асаблівай асалодай i часта захопленасцю пісаў ён пра радасць жыцця i хараство добрых людзей. Па характеры таленту ён быў лірыкам у прозе, схільным да павышанай адкрытай эмацыянальнасці пісьма. Але ягоны лірызм вельмі багаты на адценні i звычайна не падмяняецца павярхоўным сюсюканнем, тымі «охамі» ды «ахамі», на якія часта збіваюцца пасрэдныя дзіцячыя пісьменнікі. «За паэтычнай, лірычнай атмасферай яго твораў адчуваецца самае ўдумлівае пранікненне ў глыбіні чалавечай псіхалогіі». У Брыля «чалавек раскрываецца ва ўсёй складанасці яго пачуццяў»,— слушна пісаў Алесь Адамовіч. Але пранікненне ў псіхалагічныя глыбіні асобы, яе ўнутраны свет не перашкаджала Брылю бачыць чалавека ў рознабаковых сувязях са светам, ставіць яго «ў шырокі кантэкст чалавецтва» (словы Алеся Адамовіча). Гэта істотна ўзбагачала выяўленчыя магчымасці нашай літаратуры, павялічвала цікавасць да брылёўскага слова ў нас на радзіме i далека за межамі Беларусі.

Чытаючы паэтычную прозу Янкі Брыля, як казаў Міхась Лынькоў, нібы пранізаную сонцам, пачынаеш лепш бачыць i адчуваць праявы прыгожага ў жыцці i як бы ачышчаешся душой...

Янка Брыль настойліва дамагаўся гэткага ачышчэння, паэтызуючы ў некаторых творах i вельмі празаічныя, пазбаўленыя кідкай прывабнасці рэчы ці з'явы. Яскравы прыклад такой паэтызацыі дае выдатна напісанае апавяданне «Галя» (1953). Расказваючы пра тое, як яно нарадзілася, пісьменнік прыгадаў, што аднойчы, у час летняга побыту на Наваградчыне, яму цэлую ноч надакучаў, не даючы заснуць, гул трактара. Але вынаходлівая фантазія падказала, што гэты гул зусім іначай бы ўспрымаўся, калі б яго слухала жанчына, закаханая ў трактарыста. Для яе ён бы напоўніўся высокай паэзіяй, якая на поўную моц гучыць i ў апавяданні Брыля, дзе пра трактар Сяргея з ласкавым прозвішчам Юрачка сказана, што ён «вясёлы, працавіты», а ягонае грукатанне бадзёрае. I сам той Сяргей, Сярожа паказаны як вясёлы гарманіст, які ўмее «молада, хораша, звонка» спяваць, паказаць сябе ў зухаватым танцы i ўжо гэтым прываражыць дзяўчыну. Пра Галю пісьменнік расказвае паэтычна, з лірычнымі інтанацыямі, замілаванасцю, а часам i з відавочнымі песеннымі адгалосамі. Паэзія весела звініць, пераліваецца ў шчырым, чыстым каханні Сярожы i маладой Галі.