Читать «Муштук i папка» онлайн - страница 2

Янка Брыль

У канчатковым выніку атрымаўся твор не проста змястоўны i глыбокі, а выдатны. Ствараючы вобразы Марылі i іншых персанажаў, пісьменнік ішоў ад жывога жыцця, абапіраўся на сваё веданне ix рэальных прататыпаў.

Былі свае прататыпы i ў дзейных асоб з апавяданняў «Маці», «Memento mori», «Надпіс на зрубе» i многіх іншых твораў Янкі Брыля. Ён сам казаў, што амаль заўседы пісаў з большай ці меншай аглядкай на канкрэтных жывых людзей, якія існавалі ў сапраўднасці i станавіліся для пісьменніка своеасаблівымі натуршчыкамі.

Але ўзятае ад такіх натуршчыкаў у мастадкіх творах абавязкова дапаўняецца аўтарскай фантазіяй. Без яе ўдзелу мастацкія вобразы ўвогуле не ствараюцца. Ix глыбіня i пераканальнасць дасягаюцца толькі тады, калі вынаходлівая аўтарская фантазія трывала абапіраецца на добрае веданне рэчаіснасці, на яе глыбокае i арыгінальнае асэнсаванне, па-майстэрску рэалізаванае ў мастацкім слове.

У апавяданні «Марыля» ўсё гэта ёсць. Таму мы выразна ўяўляем тую ж Марылю, нявестку багатага вяскоўца Сцяпана Жука, загубленую празмернай працай у цяжарным стане, бачым, як жывога, безадказнага балбатуна свата — пана Чыжэўскага, здатнага на дасціпныя прыгаворкі тыпу гэтай: «Малады з маладушкай сюды-туды — i дачушка, праз гадок — сынок, а то i зноў дачка, i што ж,— падай малачка!» Такая мова, няхай i з вуснаў чалавека нікчэмнага, звяртае на сябе ўвагу як прыкмета пісьменніцкага майстэрства. Трапнасцю вызначаюцца i кароткія, але сутнасна змястоўныя характарыстыкі персанажаў. «Свёкар быў звер i скупеча», «зямля ненаежная»... Адной гэтай фразай «схоплены» характар Сцяпана Жука, яго непамерная прагнасць. Яна яскрава праяўляецца i праз канкрэтныя дэталі, такія, як паточаная шашалем шалёўка, выбраная старым Жуком на труну для ўнука. Ніколькі не лепшая за Сцяпана Жука i яго жонка Катрына, якая загортвае нямыты трупік унука ў кавалак бруднай старой кашулі.

Непрывабна выглядае ў анавяданні i брат Марылі Мікіта, які сваю бяссільную злосць вымяшчае на кабыле Машцы, б'ючы яе да крыві.

Вельмі каларытныя ў творы праклёны, густа рассыпаныя па апавядальнай плыні. Сама яна разгортваецца энергічна, без лішніх ускладненняў i неабавязковых паваротаў.

Бадай, яшчэ больш імкненне да сцісласці праявілася ў зусім кароценькіх апавяданнях «Маці» i «Memento mori».

У апавяданні «Маці» актыўнасць падачы апісанняў добра бачыцца ў тым, што пра старую хату жанчыны сказана: яна «ў шэрай, па-начному ўжо аднатоннай, чыстаполіцы стомлена патушыла агеньчыкі акон». Так той хаце надаецца дзейсны характар. Яна як быццам ажыўляецца. Сама жанчына знарок, для большай абагульненасці вобраза, пакінута без імені. Ёсць высокая псіхалагічная дакладнасць у тым, як тая жанчына, ужо выразна ўсведамляючы, што яе гоняць на смерць, думае не пра сябе, свой лес, a толькі пра сыноў. Яе вялікая дабрыня выяўляецца праз тое, што яна, не раздумваючы, корміць уцекачоў-палонных, хоць ведае, што рызыкуе ўсім. Бо за гэта гітлераўцы расстрэльваюць не толькі саміх спагадлівых жыхароў, але i ix сем'i, паляць іхнія хаты. А як хораша сказана, што жанчына, ідучы на смерць, «свае худыя, так мала ў жыцці цалаваныя рукі... трымала мазалямі да мазалёў». Дэталь з выключнай выразнасцю!