Читать «Муштук i папка» онлайн - страница 111
Янка Брыль
У Валодзевым трыццаць сёмым мне было дваццаць. Многія там, куды мы меліся выехаць, у «ворагі народа» траплялі значна маладзейшымі. Курыў бы я, жывучы пры Валодзю, ці не курыў бы, як у Загоры, цяжка сказаць. Застаўся б ад мяне які-небудзь «вещдок» ці не застаўся б — таксама не скажаш.
Ёсць i такое яшчэ.
У першым раздзеле гэтай журботнай недасагі я расказаў, як адзін з маіх паплечнікаў па пісьменніцкім гурце, убачыўшы пасведчанне пра Валодзеву пасмяротную рэабілітацыю, высокаідэйна спытаўся, чаму я маўчаў, што брат мой быў рэпрэсіраваны.
Другі паплечнік, па гурце партызанскім, таксама мой трохі начальнік, вычытаўшы ў газеце пра знойдзены муштук, пазваніў ноччу па міжгароднім, паспачуваў і... зноў жа спытаўся, чаму я пра брата не казаў нічога раней.
У пасляваенным, літаратарскім, варыянце гэта прыдалося б для належнага выпраўлення майго «складанага» жыццяпісу, дапамагло б патаемным біёграфам.
Ну, a ў ваенным, лясным, чаго добрага, прыдалося б яшчэ больш. Асабліва — калі б адразу не «польскі памешчык», a «нямецкі шпіён». Ды таму, хто i сам быў два гады ў Германіі...
Як тут не радавацца жыццю?!
Магло ж быць i трохі не так...
1
Свінства (ням.)
2
Даслоўна — «дзіця чалавечае», адпавядае беларускаму «хлопча» (ням.)
3
I ты таксама тут, мой дарагі? (ням.)
4
Гэта ўжо проста смешна!.. (ням.)