Читать «Муштук i папка» онлайн

Янка Брыль

Янка Брыль

МУШТУК I ПАПКА

Апавяданні, мініяцюры, маленькая сага

Падрыхтаванае на падставе: Янка Брыль, Муштук i папка. Апавяданні, мініяцюры, маленькая сага, — Мінск: Мастацкая літаратура, 2007. — 238 с. — (Бібліятэка школьніка).

ДАСКАНАЛАСЦЬ МАЙСТРА

У багатым суквецці выдатных беларускіх пісьменнікаў XX стагоддзя Янка Брыль займае пачэснае месца. Ён пражыў 89 гадоў. На працягу шасці дзесяцігоддзяў з невялікім гакам ствараў мастадкія творы, многія з якіх сталі нашай бясспрэчнай класікай i знайшлі шырокае прызнанне ў вялікім свеце. Але нельга думаць, што жыццёвая i пісьменніцкая дарога Брыля ўсцілалася ружамі. Складаных, драматычных паваротаў на гэтай дарозе было шмат.

Нарадзіўся Іван Антонавіч Брыль 4 жніўня 1917 года ў сонечнай Адэсе. Ягоны бацька Антон Данілавіч меў сялянскія карані, але працаваў у Адэсе «правадніком першакласных вагонаў». Там прайшло ранняе дзяцінства Янкі Брыля. Ен быў самым малодшым у бацькоў, якія мелі ажно дзесяцера дзядей. Трое з ix памерлі малымі, астатнія павырасталі, але мелі розны лёс.

«Улетку дваццаць другога года бацька, знясілены двума наваратамі тыфусу, брушнога i зваротнага, паддаўся жончыным угаворам i вярнуўся з ёю i меншымі дзецьмі на сваю радзіму, у вёску Загор'е», размешчаную «паблізу ад Міра на Наваградчыне» (цяпер гэта Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). «Тут гаспадарыла маці — Анастасія Іванаўна, да самай смерці Настуля, родам з суседняй вёсачкі Маласельцы, з працавітай, нябеднай сям'i»,— прыгадваў Янка Брыль у аўтабіяграфічным нарысе «Думы ў дарозе».

Зімой 1924 года Антон Данілавіч, «прастудзіўшыся ў лесе, злёг i памёр». Расціла трох самых малодшых хлопцаў (Колю, Міхася i Янку) ужо адна маці. Была яна дужая i па-сялянску цягавітая.

Калыскай пісьменніцкіх дум Янкі Брыля стала не Адэса, а Загор'е, a калі браць трошкі шырэй, дык Наваградчына. Яна пасля Рыжскага падзелу Беларусі адышла да палякаў.

У Загор'і Янка Брыль закончыў польскую пачатковую школу. Потым была сямігодка, таксама польская, у суседнім мястэчку Турэц. У 1931 годзе Брыль «паступіў у Наваградскую гімназію, але не змог там вучыцца з-за матэрыяльных абставін»,— адзначаў Уладзімір Калеснік, надзвычай таленавіты літаратар шырокага профілю i выдатны педагог, блізкі Брылёў сябра, яго сааўтар (разам з А. Адамовічам) па выдатнай дакументальнай кнізе «Я з вогненнай вёскі».

Давялося налягаць на самаадукацыю. «З чатырнаццаці год за сталага працуючы ў гаспадарцы, я многа чытаў, настойліва займаўся самаадукацыяй (нават i эсперанта вывучаў), многія ночы праседжваў над першымі творамі»,— прызнаваўся Янка Брыль.

Спачатку ён пісаў вершы. Адзін з ix у 1938 годзе паявіўся ў віленскім часопісе «Шлях моладзі». Гэта было першае выступленне Янкі Брыля ў друку. Але сапраўднага поспеху ён дасягнуў не ў вершаскладанні, a ў прозе, якую патроху пісаў з той пары, калі «не ўмеў яшчэ як след касіць».

Сапраўдным пачаткам сваёй літаратурнай працы Янка Брыль не раз называў «Марылю», апавяданне, пад якім стаіць падвойная дата: 1937-1943. Шліфавалася яно не толькі на паперы, але i ў думках, калі паперы пад рукамі не было i быць не магло. Так давялося рабіць, калі Брыль з марской пяхоты разгромленай польскай арміі трапіў у нямецкі палон, з якога ўцёк на радзіму i потым стаў партызанам.