Читать «На высокім алтары» онлайн - страница 7

Ніл Гілевіч

Утопія

Утопія — хай і не казка, Ды ўсё-такі з гэтага роду. А казка — не болей чым казка, Як кветка без завязі плоду. Ёй вераць маленькія дзеці, Не менш і дарослыя, праўда,— I казцы пра рай на тым свеце, I казцы пра светлае заўтра... Уцешная байка-прыдумка — Ад болю душэўнага лек... Ніколі ў нялёгкіх варунках Без казкі не жыў чалавек. 1992

* * *

Страх, ды не найстрашны, пакарыцца Пераможцу-гвалту, Бо нашмат страшней ператварыцца У старую малпу, Што з няўцямнай злосцю На людзей глядзіць I трасе рашотку, За якой сядзіць. Ганьба, ды не з самых большых,— здацца На спагаду моцным, Бо нашмат страшней, ганебней стацца Ішаком бязмозглым, Што над пысай бачыць Харчу жмут свайго I бяжыць наперад, Каб дастаць яго. 1992

Радкі з усяночнай

І. Я — не Хрыстос, о не! Але й на Юду Я не гаджуся — не з яго радні. Чаму ж, за што ж усё жыццё паўсюду Я мушу чуць: «Распні яго! Распні!» Ды мне не страшна, людзі! Распінайце! Гваздайце ў цела тленнае гвазды!.. О Беларусь, мая Радзіма-Маці, Чаму й за што — найлепей знаеш ты. II. Не прадаваў цябе я, Брат-Пакутнік, І ў той гурме, што ўсё крычыць яшчэ, Не йшоў караць цябе, і твой заступнік Мне вуха правага не адсячэ. У іншым краі ў іншую эпоху — За і ншую «віну» — а ўсё ж і я, Замест Варавы, на гару Галгофу Іду!.. О Брат! О Беларусь мая!.. 1992

* * *

Хоць лёс неспагадны бязлітасна крыўдзіў, I скрушна бывала, і горка,— Я верыў: прагляне, паўстане, узыдзе Мая запаветная зорка! I вось яна ўспыхнула сымбалем краю — Найяркая ў гронцы суквецця!.. Чаго ж я ад страху цяпер паміраю? А што — калі знічкай сарвецца?!. 1992

Сон

Вечар. I дом у экранах акон. Хто там — не знаю — жыве. Міма праходжу. А мне наўздагон: «Ніл! Цябе маці заве!..» Мама? I кліча мяне ў гэты дом? Як гэта мама... калі Мамы няма? Ужо колькі гадоў Спіць вечным сном у зямлі... Я павярнуўся: высока акно — Насцеж, а ў ім — сілуэт. Божа! Таксама нябожчык даўно — Мамін вясковы сусед. Ён гэта крыкнуў... О голас бяды! Толькі не веру я, не: Мама, хоць дрэнны я сын быў, туды Клікаць не можа мяне. Ведае родная, ведае: тут, Тут я патрэбен яшчэ!.. Ну, а туды я паспею на суд. Хто ж бо ад Бога ўцячэ?.. 1992