Читать «На высокім алтары» онлайн - страница 22

Ніл Гілевіч

Дзядам

Дзяды! Ну што ж вы, нашы родныя, Намер вітаеце злачынны — Вы, мудрацы сівабародыя, Айцы Айчыны? Ці вы, пражыўшы век, не знаеце, Як душыць душы накіп пошлы, Як труціць сэрцы яд нянавісці? Дзяды! Ну што ж вы?!. Хоць з вас і вытравілі нелюдзі Чуцця прыроднага нямала — Вам не да твару біцца ў нераце Самаабмана. Вы шлях прайшлі, агнём пазначаны. У вас на целе — куляў прошвы. Адкуль жа стынь да мовы матчынай? Дзяды! Ну што ж вы?!. Як горка бачыць: адыходзячы З жыцця навек — нібы з кватэры, Вы мову гасіце, суродзічы Дабра і веры! Як бы святло, што ў час бясхлебіцы Жывіла дух наш несвятошны, Унукам заўтра не спатрэбіцца... Дзяды!.. Ну што ж вы?!. 1993

На Балканах

Які ўжо месяц на Балканах Шугае полымя вайны. А хто байцы ў варожых станах? Адзінай матухны сыны. Гарыць зямля адвеку крэўных I верных нам славян-братоў. I не прыходзіць замірэнне. I дзень-адодні льецца кроў. Ужо і рознай масці зграі Туды спяшаюцца здаля. Што трэба ім у гордым краі? Чым вінна гэта ім зямля? Што трэба хіжым? Неўзабаве Мы будзем ясны мець адказ: Усё, што, клацнуўшы зубамі, Запатрабуюць і ад нас. А мы... ці нам заклала вушы? Ці ў нас замазаны раты? Маўчым, прадаўшы д'яблу душы... Нікчэмцы мы, а не браты! Братамі ж мы у сорак трэцім Былі, калі — і тут, і там — З нас кожны ведаў: лепш памерці, Чым не падаць руку братам. 1993

Пакуль...

Пакуль з пагардаю ад нас Не адвярнуўся дух Купалы — Пільнуйма зніч, каб не пагас, Каб быў запас агню трывалы, Каб, душы вывеўшы з турмы, Як пад прысягаю, сурова На свет на ўвесь сказалі мы Сваё не сказанае слова! 1993

I ўсё-такі дойдзем!..

За векам век плыве-цячэ, А мы ідзем, ідзем... I што ж? О, як далёка нам яшчэ Да Беларусі! Ужо няўсцерп нам крыж пакут, I мы крычым, крычым, але — Не дакрычаліся пакуль Да Беларусі. А можа быць, яна — міраж, I ўсе мы трызпім? Бо чаму ж Не далятае голас наш Да Беларусі? Відаць, пракляцця знак ляжыць На нас ад роду, і таму Так цяжка шлях нам церабіць Да Беларусі. Равуць вятры, грымяць грамы, Пыл засціць вочы нам, і ўсё ж, I ўсё ж мы дойдзем, дойдзем мы Да Беларусі!.. 1992