Читать «На высокім алтары» онлайн - страница 9

Ніл Гілевіч

Вар'ят

Варят ідзе праз людны пляц. Спадобіў Бог вар'ята. Глыбока ў сэрцы — скарга-плач, А на абліччы — свята. Глыбока ў сэрцы — золь імжы, Гнятліва, непагодна. А выгляд — быццам на душы I лёгка, і свабодна. У зрэнках многіх — злосць і страх, Зайздрослівае штосьці, Ну, а ў ягоных у вачах — Ні зайздрасці, ні злосці. Знаёмца-злыдня напаткаў На ўскрайку тратуара — Як дружбаку, руку надаў, Сказаў: «Здароў, пачвара!» I — на чырвоны светлафор, Праз гулкую палосу, Праз сто гудкоў — наперакор Усім прысудам лёсу. Яшчэ й смяецца, херувім!.. Гэй, фурманы ў калясках! Прытармазіце перад ім, Не збіце, калі ласка! Не дайце здарыцца бядзе!.. Бо як яго не стане — Хто ж тую песню вам складзе, Што дна душы дастане? 1992

Крэда

Над формай трэба мець уладу. Таму й гляджу, каб быў мой верш, Як хата, зрубленая «ў лапу», Дзе — ні вянца не разарвеш! 1992

Экспромт

З бубкі-бубачкі не вырастае песня, Што ўздымае дух да паднябесся, Вырастае — толькі і няйначай — З кроплі-кропелькі крыві гарачай. 1992

Збітыя рыфмы

Цяжка, ды мушу: падамся ў дарогу! Збітыя рыфмы паклічу ў падмогу. Збітыя рыфмы? Ну гэтак жа: «Збітыя!» — Моршчацца крытыкі, людзі сярдзітыя. Збітыя — нібы набойкі жалезныя Ці ў пілігрыма кавенька з алешыны. Збітыя рыфмы? I хто гэта выдумаў? Пэўна, хто слову не рад самавітаму. Рыфмы збываюцца ці не збываюцца, Ззяюць ці гаснуць, але — не збіваюцца. Так, як і «рыфма» зязюлі адвечная, Так, як і сэрца ў грудзях чалавечае: Б'ецца і б'ецца, але не збіваецца, А — ці спыняецца, ці — разрываецца. 1992

Санет

Паэт — крыху вар'ят. Абавязкова! Без гэтага паэзіі няма. I не бярыся за пяро дарма, Калі не здольны ашалець ад слова — Ад раптам знойдзенага ў нетрах-сховах Або ад вызваленага з ярма Руцінных штампаў, без таўра-кляйма,— Бы толькі што радзілася нанова. Калі не чуеш ты яго такім — Як полымя на ветры — трапяткім, Бунтоўным, як віно, што дно ўзрывае, Або гаючым, як вада жывая,— Тады пакінь паэзію, пакінь. Бог ад цябе твой дар яшчэ хавае. 1992