Читать «На высокім алтары» онлайн - страница 4

Ніл Гілевіч

НАД БЯЗДОННЕМ ІДУ...

* * *

Каменні ляцяць на дарогу. Аднойчы якісь не міне. Каму я паплачуся? Богу? Дык ён... ці пачуе мяне? Паклёпы з начынкаю яду Кладуць і кладуць на чало. Каму я паскарджуся? Д'яблу? Яшчэ не хапала чаго! Ёсць добрыя людзі — я ім бы Паплакаўся трохі, але ж — У іх над галовамі німбы Уласных пакут. Ім не лепш! Не волен я горкай гадзінай Цяжар свой на іх ускладаць. Дык што ж застаецца, Радзіма? Ты можаш параду мне даць? I чую я голас, падобны На голас матулі маёй: «Будзь дужы, будзь мужны і добры. Не бойся натхнёных хлуснёй. Адрынь іх суды-перасуды. I чорнай не вер варажбе. Хай свеціць заўсёды і ўсюды Маё блаславенне табе!» 1985

Над бяздоннем

Над бяздоннем іду — Па вузенечкай кромцы ля стромы... Што, прайшоўшы, знайду? Чым пакліканы ў шлях незнаёмы? Над бяздоннем іду... Там, унізе, раскацісты рогат — Д'яблы мелюць ваду На страшэнных каменных парогах. Над бяздоннем іду. Там патокі. Там пара клубіцца. Хоць гукні грамаду — Галава пачынае кружыцца. Над бяздоннем іду. Здрадны страх зацінае дыханне. Крок яшчэ — і ўпаду... Іншы хтосьці уславіць каханне. 1990

* * *

Не падбівай. Не падбухторвай. Дарма шчыруеш. Я не з тых, Што краю роднаму над прорвай Самазабойча б'юць пад дых. Табе — павек не будзе веры. Не спадзявайся. Не чакай. Ты ўпотай молішся хімеры, А мне мой Бог — бацькоўскі край. Я не забыў: калі ад болю За лёс ягоны я крычаў — Ты шанаваў чужую волю I, падуладны ёй, маўчаў. Калі дыханне мне і мову Перацінаў дзікун-сатрап — Ты не ішоў мне на падмогу, Ты на душу не браў затрат. Таму — не снуй перад вачыма. Не корчы міну. Не прасі. Прадаўшы ўсё, што ёсць Айчына, Мяне сто раз ты прадасі. 1990