Читать «На высокім алтары» онлайн - страница 3

Ніл Гілевіч

* * *

Як чужыя, рассталіся ўранку: Без пагляду, без поціску рук. На бязлюдным пероне паўстанку Замірае ў грудзях перастук. Пачувапне такое, нібыта Горка-прыкрае сталася штось. На завоях капрызнага быту У калёсах надтрэснула вось. Мы — чужыя? Пачуй-падзівіся! I — заўсёды? Ці — толькі цяпер? Разбуры свой сусвет — і згадзіся. Перакрэслі жыццё — і павер. Ну, нічога, нічога, нічога... Там, дзе вечная ноч апаўе, Нашы душы асвецяцца ў Бога I сустрэнуцца зноў, як свае. 1992

Нонсенс

Што не захочаш ты, каб да цябе Мая душа ляцела з падарожжа,— Я не паверу. Быць таго не можа! I што сярод натоўпу не мяне Шукацьмеш ты гарачымі вачыма,— Я не паверу. Гэта — немагчыма! I што адмовішся ад усяго, Чым мы шчаслівіліся з божай ласкі,— Я не паверу. Гэта — д'ябла казкі! Што свет дзівосны, створаны для нас, Для нас жа стане пеклам невыносным,— Я не паверу. Гэта — поўны нонсенс! 1992

* * *

Мілая! Што ты ў мяне адабрала! Ці разумееш ты гэта сама? Штосьці такое, што сэнсу не стала. Што ні задумаю — сэнсу няма! Мілая, мілая! Гэта — бязбожна. Тое, чаго мне цяпер не стае, Траціць ні ў якім выпадку няможна: Шчасця у вочы глядзець у твае. 1992

* * *

...І я не чуў, як плача сэрца Тваё... Цяпер кажу: ну, што ж — Карай! Карай!.. Хоць, можа, усё ж I не прапашчы я зняверца. А ты... і ў чорным-чорнай скрусе Адным трымціш, адным жывеш: Каб толькі ўчуў-пачуў мой верш, Як плача сэрца Беларусі. 1992

* * *

Калі пагасаць я пачну — Не плач ты надрыўна: Не будзе мне страшна ў труну, А будзе мне крыўдна, Што ў тайнах аблічча твайго Шчасліва і ўдзячна Ніхто не разгледзіць таго, Што мне было бачна. 1992

* * *

Заложнік вечны мары ілюзорнай, Я асаджаўся на зямлю не раз — Каб вызваліцца мог ад звабы зорнай I за ратунак не прымаў міраж, Каб сам сказаў: «Бывай, дзівачка-мара! Людзей і Бога болын я не смяшу!..» А я... малюся ёй, каб уздымала Яшчэ вышэй, вышэй маю душу. 1992

Над Лескавіцкім возерам

Над Лескавіцкім возерам Спакой і цішыня. На вецці вербалозавым Павісла стома дня. Вячэрняя сутонніца Нячутна мроі тчэ. А вусны не натомяцца — Яшчэ, яшчэ, яшчэ! Вялікая Мядзведзіца Заснула на вадзе. А вочы не нагледзяцца — Іх стома не звядзе. Пад іх шчаслівым позіркам Устане, як дымок, Над Лескавіцкім возерам Світальны туманок. Пасля і промень выблісне — Азорыць зырка плёс. I плёс, і мой не выснены, Мой неспадманны лёс... Той першы промень сонечны Душу навек працяў. Мой снежны ранак сённяшні — Не памяць, а працяг. Адкуль жа боль запознены, Што не стрымаў зару?.. На Лескавіцкім возеры Аднойчы я памру. 1993