Читать «Сказ пра залатое пёрка» онлайн - страница 6

Ніл Гілевіч

СКАЗ ПРА ЗАЛАТОЕ ПЁРКА

Як матульку немаўлём Меў за Матку Боску - Я смактаў і ўноч і днём Залатую соску. Падкачаўшыся крыху, Часта і ў ахвотку Еў ільняную жмыху З залатога сподку. Як давер бацькоў зазнаў - Хоць малы, а служка! Парасят на выган гнаў Залатою пужкай. Стаў падлеткам - на мурог Пасвіць вёў Буронку На прывязаным да рог Залатым пастронку. Потым... неяк на жніве Птушка перапёлка Падарьтла ў жыце мне Залатое пёрка. Хай не з неба журавель - "Жнеячка" затое. Я ад шчасця ружавеў: Пёрка залатое! Любаваўся доўга ім Дый схаваў чын-чынам: Рана знацца мне з такім Залатым начыннем. Як, пажыўшы, награшу - Вось тады, канешна, Выму пёрка й напішу Залатое нешта. Жыў, грашыў і гараваў, Піў і плакаў горка. Дый забыўся дзе схаваў Залатое пёрка. Сама ў час, адчуў калі, Што душа гатова Падарыць сваёй зямлі Залатое слова. Ну, ды што ж! Такой бяды! Гэты дар у вершах Зробіць нехта малады - З племя шчаслівейшых. Тое пёрка ў добры час Знойдзе ў нейкім склепе I напіша Слова-Сказ Прыгажэй і лепей. 2003-2004

ЭКСПРОМТ

Калі дапякуць, што ні есца, ні п'ецца I нават на сэрцы аскоміна - Я еду зірнуць, як дымочак віецца. Не, не, не шашлычны, а з коміна. А потым агмень распалю на падворку, З камення Лагойшчыны складзены, I буду там з полымцам весці гаворку Пра лёс наш, чужынцамі скрадзены. 2002

КЛІЧ ДА БЕЛАРУСКАЙ МОЛАДЗІ

Новы век Азарыў небасхіл. "Чый ён будзе?" - Прарокі гамоняць. Будзе наш - Калі выстарчыць сіл У цябе, Беларуская моладзь! Значыць, Трэба па долю ісці З цвёрдай верай, Што вёрсты не змораць. Дык не страць, Не ўступі, Не ўпусці, Гэты шанц, Беларуская моладзь! Хай за зданню Пачварыцца здань Сілу волата Цені не зломяць. Час прабіў: Уздыміся I стань У шыхты, Беларуская моладзь! Веру: Выпаўзні з чорнай начы Дух твой вольны На здраду не змовяць. Раздрузгоч, Раскрышы I змяці Іх кубло, Беларуская моладзь! Помні: Волю ў змаганні бяруць, А не просяць, Не кленчаць, Не моляць. Толькі ты Зберажэш Беларусь! Толькі ты, Беларуская моладзь! 2001

БЕЛАРУСКАМУ ДЗЕЦЮКУ

Што дрыпаеш гэтак дробна На падагнутых нагах? Роўна хадзі, брат, роўна! I кроку прыдай размах! Шырока ступай і цвёрда! Паставу ў хадзе змяні! Годна трымайся й горда! Ты - на сваёй зямлі. Што ты пагляд панылы Пад ногі ўпіраеш, у дол? Што: табе - край нямілы? Родны прастор наўкол? Смела, а не як злодзей. На свет і людзей зірні! Годзе трымцець, брат, годзе! Ты - на сваёй зямлі. Што ты ўсё шэптам, шэптам Ды і на вуха яшчэ, Нібы махляр з гешэфтам: Крый Бог - сакрэт "працячэ". Прэч адкінь гэту боязь! I праўду перад людзьмі Кажы, брат, на поўны голас! Ты - на сваёй зямлі. 2005, чэрвень