Читать «Сказ пра залатое пёрка» онлайн

Ніл Гілевіч

Ніл Гілевіч

СКАЗ ПРА ЗАЛАТОЕ ПЁРКА

Вершы

Падрыхтаванае на падставе: Ніл Гілевіч, Сказ пра залатое пёрка: Вершы — Маладэчна: Выдавецтва, 2005. — 64 с., Бібліятэчка часопіса «Куфэрак Віленшчыны» № 10

Рэдактар: Міхась Казлоўскі

ЯК ЖА СТАЛАСЯ?

Не павераць, напэўна, нашчадкі, Што такія былі ў нас парадкі, Што дурнілі нас так верхаводы - Ненавіснікі нашай свабоды, Нашай мовы, і кнігі, і песні, Нашых скарбаў і нашых святынь, - Усяго, што мы ў душах пранеслі Праз стагоддзяў смяротную стынь. Як жа сталася, як гэта выйшла, Што пад выжлаю шчэрыцца выжла, А пад быдлам скацініцца быдла, А пад хлусам крыўляецца хлус, А пад злодзеем хмыліцца злодзей, А пад лёкаем мыліцца лёкай, А пад гнусам капогаыцца гнус, А пад гэтым усім - беларус? 2002

А ПАВІННЫ, А МУСІМ...

Беларускую справу Трэба, хлопцы, рабіць Не цяп-ляп, а на славу. Справу трэба любіць! Цяпам-ляпам, паспешна, Мы і цэлым гуртом Не збудуем належна. Беларускі наш дом. А павінны ж, а мусім Так яго збудаваць, Каб майстроў Беларусі Свет з'язджаўся вітаць. А павінны, а мусім Так свой гонар явіць - Каб у дом Беларусі Бог зайшоў блаславіць. 2002

ПАЧУЙЦЕ!

Магчыма, і гэты мой кліч Далёка не дойдзе: заглохне У нетрах муроў-камяніц, У зараслях чортапалоху. Магчыма... I ўсё-ткі, і ўсё ж: - Пачуйце! Пачуйце! - гукаю. - Імперцы прыставілі нож Да горла няшчаснага краю! Пачуйце ж, о дзеці зямлі, Што ваша павек, і не дайце, Не дайце, каб род наш звялі Антыхрысты і запраданцы! 2002

АДНАМУ З НІЦЫХ

Чаму ты радуешся, ніцы раб? I што жабрачым пафасам вітаеш? Пагібелі сваёй дзяржавы рад? На згубу Бацькаўшчыны гімн складаеш ? Які ж ты ўсё-такі са смердаў смерд I з халуёў халуй! Якая ганьба! У тых, што гоняць Беларусь на смерць - Плюгавы, да агіды, памагайла! Знай, лёкай, рады хамуту-ярму: Я прозвішча тваё з радзімых гукаў Не называю тут адно таму, Што мне шкада тваіх дзяцей і ўнукаў. 2002

ПРАКЛЁН

Будзьце пракляты вы, каты свабоды! Вы, што душылі і душыце нас! Вы, акупатары нашай гасподы, Нашых багаццяў і нашых украс! Будзьце пракляты і вы, запраданцы, Лёсам народу майго гандляры! Юдавы выблядкі і ўзгадаванцы! Брудных і блудных таргоў махляры! Будзьце пракляты і вы, вырачэнцы Мовы і духу бацькоўскай зямлі! Вы, надзіманыя пыхай нікчэмцы, Волі і хэнці чужой халуі! Гэта з крыжа я крычу вам, распяты Горам народа і болем маім. Будзьце пракляты вы! Будзьце пракляты! Сёння і заўтра й вавекі! Амін! 2002