Читать «Сказ пра залатое пёрка» онлайн - страница 8

Ніл Гілевіч

ВІЛЬНЯ. ЛУЦКЕВІЧ

Трыпціх

І. 20 верасня 1939 Вільня. Восень. Луцкевіч. Ён ходзіць і шэпча Сярод Базыльянскіх муроў: "О няўжо, Беларусь, О няўжо нам вяртаюць Калыску за волю тваю змагароў? О няўжо сапраўды Нам вяртаюць, Няхай і пад сцягам нянаскім, Святы наш агмень? Беларусь! Я малюся, малюся... Бог сведка, Як прагну я ўбачыць шчаслівым Твой заўтрашні дзень!.." II. 30 верасня 1939 Вільня, Восень. Луцкевіч. Захмараны вечар. Найчорны з яго вечароў. Вось і ўсё! Не паспеў і прыкленчыць Яшчэ раз Сярод Базыльянскіх муроў, - Больш ніколі не ўбачыць ён іх, Як не ўбачыць Ні родных сваіх, Ні сяброў. У глухім "варанку" Яго віленскім шляхам У менскую "амэрыканку" вязуць, Дзе, Ён знае, У лёхах сырых, Пацукі Беларускае сэрца грызуць. Яму ведама ўжо: Абманулі! Цынічна і здзекліва Брат-вызваленец накпіў. Вільня ўжо старгавана. Ужо за яе Вызваленец Пляцоўку для танкаў купіў. Ён ад роспачы плача: "Кастусь! Наш вялікі з вялікіх Кастусь! Як далёка ты бачыў, калі заклінаў: "Дык не вер ім, Не вер ім, Не вер ім, Не вер, Беларусь! Не дадуць табе волі яны, Не дадуць! I павек не дажджэшся, Калі не здабудзеш сама! Для цябе ў іх адно - Аняменне ў няволі - I смерць. Для цябе ў іх другога няма". III. 17 верасня 2004 Вільня. Верасень. Ноч - У зіхценні раскошных рэклам, У агнях ліхтароў. Цень Луцкевіча Ходзіць Нябачны Сярод Базыльянскіх муроў. Каб прыслухаўся хто - Чуйным сэрцам - Пачуў бы, Што кажа святы чалавек: "Вось і ўсё! Вось цяпер ужо ўсё! Назаўсёды. Навечна. Навек. Божа моцны! Даруй і скажы: Дзе ты быў? Дзе ты, Госпадзе, быў, Калі гэную змусту Над воляй, Над доляй, Над лёсам народа рабіў Змеявокі, Рабы, Сухарукі, З смярдзючай душышчай Вампір-людажэр? Бачыш, Госпадзе, сам: З той пары Яшчэ больш занямог, Яшчэ больш знедужэў - I хварэе, I чахне, I не выздараўлівае Пад апекай тваёй Беларускі народ. Дык не дай жа, не дай, Каб заціх у душы яго Спадчынны боль, Каб сышла яго памяць на звод! Бо як станецца так – У яго, як і Вільню, Суседзі, браты, сваякі адбяруць Спрэс усе гарады, Спрэс усё, Што завецца яшчэ Беларусь!.. Беларусь... Беларусь..." Так ён ходзіць і ходзіць, Нябачны, I просіць і просіць - Нячутнае просіць пачуць... А тым часам у Менску, У лёхах сырых. Пацукі Беларускае сэрца грызуць. 2004, травень-кастрычнік