Читать «Сказ пра залатое пёрка» онлайн - страница 7

Ніл Гілевіч

З ВЕКУ Ў ВЕК I З РОДУ Ў РОД

З веку ў век і з роду ў род Не цярпеў ярма народ I глядзець чужынцу ў рот - Меў за ганьбу. I над безліччу нягод, I над скопішчам згрызот Бласлаўляў на Вольны Сход Янку й Ганну. З веку ў век і з роду ў род, Сэрцам прагнучы яснот, Не глуміў сябе народ Чорнай змовай I ля тых дзвярэй-варот, Дзе ў Святыню Уваход, Меў за варту круглы год Наша слова. I грымеў мацней грымот Кліч на захад і на ўсход: Згінь-сыдзі, варожы зброд! Каб - ні духу! Не затым ускрэс народ, Каб давеку, з роду ў род, Несці ў сэрцы гвалту плод - Боль і скруху! 2005, чэрвень

ПЕРАМОЎКА З СЯСТРОЙ СВЯТЛАНАЙ

- Сястрыца любая, Ты што з слязьмі ў вачах ? Што сталася ? Цябе пакрыўдзіў хтосьці ? - Вось, прачытала... Гэта - страх і жах. Яны, браток, Цябе даб'юць ад злосці. - Дык ты з-за гэтага ? Дарма, зусім дарма! Тут не тужыць, А радавацца трэба. Злуюцца - значыць, Праўды ў іх няма. А страх і жах - У іх сядзіць у рэбрах. - Мне за цябе Сціскае сэрца боль. Лютуюць, Што не стаў ты на каленкі. Пайду, пайду ў той дом - Адно дазволь - I хоць катораму з іх Плюну ў зенкі! - Ах, мілая! Ну як мне не любіць Цябе! У нашым Немаленькім родзе - Адна такая ты. За ўсіх табе баліць I ўсім ты рвешся Памагчы ў нягодзе. Ну а сама... Тваё здароўе скраў Пеніцылінавы За трыццаць год атруты. I мацярынскай долі Бог не даў. I дома... Знаў бы хто!.. Адны пакуты... - Такі мой лёс. Што пра мяне казаць? Хто я такая ? Што ў жыцці я значу ?.. Вось тыя лекі, Што прасіў ты ўзяць. I мёд з вашчынкай - Ад мяне ў прыдачу. I ўсё. Пакіну я цябе, прабач. Жанчыны там з партрэтамі - Як знак эпохі - Стаяць... Я чую Іх нячутны плач. Пайду да іх Паплачу разам трохі. 2005, чэрвень

НУ А ВЫ, СПАДАРЫ?..

Углядаюся ў твары - Зусім маладыя, хлапечыя, - Быццам толькі што ўмытыя Зімнай крынічнай вадой. Што - хачу распазнаць - У вачах гэтых хлопцаў Адсвечвае? I чаму мне трывожна - Нібы перад нейкай Вялікай бядой? Ну а вы, спадары, Што душы нашай поле Адвечнае Засяваеце чартапалохам Няпраўды, Каб плён нашай веры зачах, — Вы не знаеце, Што ў іх вачах беларускіх Адсвечвае ? У іх добрых вачах беларускіх. У іх беларускіх вачах... 2005, чэрвень