Читать «Сказ пра залатое пёрка» онлайн - страница 3

Ніл Гілевіч

ДУХ БАЦЬКАЎШЧЫНЫ

Адкуль бярэцца ён? З травы і зёлак, З лясоў, што засланяюць небасхіл, З крыніц бруістых, з тоняў у азёрах, З крыжоў збуцьвелых і з саміх магіл. Куды ні ступіш - скрозь і ўсюды чутна Яго ўсяіснасць. Так задумаў Бог - Каб, як бы ні было табе пакутна, Свой родны край ты разлюбіць не змог. 2002-2003

* * *

I б'е, і б'е ў душу Нязмоўчна, як прыбой: Не будзь самім сабой! Не будзь самім сабой! Аддай імя спярша, А з імем - і душу. Нашто табе душа? Нашто табе імя? Мы ўпішам нумарок - I ў пашпарт, і ў дьгалом, I ў візу на Парыж... I на магільны крыж. 2003

НЕЧУВАНАЯ Ў СВЕЦЕ

Удумайся толькі, Народ, Калі думаць яшчэ не адвык: Сем дзесяткаў гадоў і год Вырывалі ў цябе язык - Каб ты быў бязмоўны, як быдла, Каб толькі мычаў - як бытта Дзякуеш гаспадару за корм, За чалавечны для быдла закон. Сем дзесяткаў! Гэта без тых Трох з палавінай вякоў, Калі Мове тваёй пад дых Білі з абодвух бакоў. Сем дзесяткаў гадоў і год Гэта толькі ад той пары, Калі Мову гналі на звод Не цары, а правадыры. Пачуўшы - тут жа хапалі За горла жывое слова. Насмерць яго забівалі, Каб не ўзрасло нанова. Хапалі з хаты і з нівы - Каб быў ты кругом шчаслівы, Хапалі з завода, з цэху - Каб быў ты багат на ўцеху, З тэатра, з друкарні, з майстэрні - Каб ты быў, як сабака, верны, I з кожнай студэнцкай парты - Каб быў Ацечаства варты... Вось так тваю долю-мову Знішчалі: спярша - па слову, Затым - па пяць-шэсць адразу, Затым - па цэламу сказу, Па цэлай песні і казцы Хапаў і глытаў ікласты! А потым - па цэлай школе, Па цэлым садку дзіцячым... "Каб ты і не гаўкнуў болей Сваім языком сабачым!!" Такі быў табе прысуд. Халэмус! Каюк! Капут! Так святкавала ўбоства Мовы тваёй забойства. Так апаганьваў злыдзень Духу твайго Вялікдзень. Так пацяшаўся зброд З гора твайго, Народ. Прабег і яшчэ дзесятак Гадоў - як па градах статак. I што ты, Народзе, маеш? Як ты жывеш-пажываеш? На якога пана ішачыш? Што чуеш наўкол і бачыш? Таксама святкуе ўбоства Высокай красы забойства. Таксама руйнуюць хамы Твайго дзеяслова храмы. Таксама глуміцца зброд З пакутаў тваіх, Народ. Усё, як тады! Бо згодна З усім, што табе прывычна. Толькі яшчэ больш подла I ягачэ больш цынічна. Ціха (каб спалі дзеці), Без груку і некрывава Ідзе нечуваная ў свеце Над мовай тваёй расправа. Над тваёю душой расправа. 2003

ХРОНІКА Ў ГЕКЗАМЕТРАХ

Так, гэта будуць гекзаметры трэцяга тысячагоддзя Ад нараджэння Хрыстовага. Не ў перайманне, вядома, Слыннаму старцу сляпому Гамеру або Гесіёду, - Проста радкі так пабеглі, маёй не пытаючы згоды. "Бацька дачушку знасільнічаў - працверазеў і ўтапіўся ". "Пенсіянер паляцеў на асфальт праз акно - ад галечы ". "Школьніца нож у сяброўку загнала за трыццаць даляраў ". "Дачнік спусціў ваўкадава на хлопчыка - сына суседзяў ". "Стрэлам у скронь разлічыўся з жыццём капітан - у адчаі". "Маці-падлетак, радзіўшы, на сметнік занесла дзіцятка ". "Любы, адзіненькі ўнучак бабулю забіў за бутэльку ". "Трое юнцоў акадэміку знанаму чэрап прабілі". "Гэтай зімою апошняя здохла ў калгасе карова ". "Дзеткі на вуліцы вучацца - злыдні ліцэй адабралі". "Піскнула праўду газета - і клямка ёй: болей не пісне ". Гэта - маленькая частачка хронікі ў допісах прэсы. Наша рэальнасць. На стыку стагоддзяў і тысячагоддзяў Іншай не здолелі мы забяспечыцца - цешымся гэтай. Іншая спее ў яшчэ не набухлых пупышках свабоды. 2003