Читать «Сказ пра залатое пёрка» онлайн - страница 2

Ніл Гілевіч

БАЛАДА ПРА ПАСЛАННЕ АД КАСТУСЯ

Чакалі год, чакалі два - На абяцанках трын-трава. Чакалі тры гады, чатыры - Да торбы торбу прычапілі. Чакалі пяць, чакалі шэсць - Ужо смыліць, курыцца шэрсць. Чакалі сем, чакалі восем - Ужо на латах латы носім..." Так плача й плача Беларусь, I гэты плач пачуў Кастусь I ў Божы Храм ва ўрочны час Прыслаў з архангелам наказ: "Канчайце хныкаць, дзецюкі! Калі вам здзек і глум такі Не пранізаў душу наскрозь За гэтых восем год - дык вось: I дзевяць-дзесяць праміне, I дваццаць-трыццаць праміне - I ўсе вы дойдзеце ў ярме I згасне долі вашай зніч, - Калі забудзеце мяне I мой з-пад шыбеніцы кліч". 2002-2003

ДЫК ХТО МЫ?

Мова! Ёй роўных у свеце няма - Па вобразнасці, па выразнасці. А мы яе душым у клешчах ярма - Самі ж, па праву уласнасці. Самі ж, варожы каб цешыўся зброд, На страты ідзем незваротныя. Дык хто мы: вялікі і вольны народ Ці ў Бога нікчэмцы звыродныя? 2003

ЗАПОЗНА, ПАНОВЕ...

Як ні прамоўлю - усё неўпапад, Ды так, што ад злосці жыгаламі пораць: Справа - нястомны саліст "дэмакрат", Злева - стагорлы "славянасаборац". Аж дзіўна - як дружна! Аднак жа - за што? Люблю сугалоссе, спакой і свабоду. 3-за чорных шор і карычневых штор На свет і людзей не глядзеў ад роду. Ні ў форме палкоўнік, Ні ў штацкім маёр Мяне на кручку не трымаў пакрыёма. I хоць у пакутах сумленне маё - Мне ніцая радасць раба не знаёма. Таму і вар'юе іх вольны мой кліч У матчынай мове, не здадзенай гэрцам. "I ты, галяпуюць, прадайся і ўкленч! I ты адрачыся і станься зняверцам!" Дарма - галяпуюць. I пораць - дарма. Запозна: мяне ўжо дастаць немагчыма Я - там ужо, там, дзе няволі няма, Дзе толькі свабода, любоў і Айчына. 2003, люты

БАЛАДА ПРА МІКАЛАЯ I КАЦЯРЫНУ

Жыў-быў на свеце Мікалай. Жыла-была з ім Кацярына. Хоць бачылі: жыццё - не рай, Свой лёс сям'я не мацярыла. Бо зналі: ёсць Народ і Край, I ёсць - чым доля надарыла: У Мікалаі - Мікалай, А ў Кацярыне - Кацярына. Але жыццё дало разлом На неспадзеўным развароце. Размежаваць дабро і зло Прадыктавала ... дзірка ў роце. I людзі ў злосці пачалі Бурыць, ламаць, таптаць і бэсціць Усё, што самі ж падвялі Пад кодэкс праў і кодэкс чэсці. Бурылі, верачы найперш, Што здань руйнуецца былая. А зруйнавалі ўрэшце рэшт У Мікалаі - Мікалая. Тапталі, мялі, як трысцё, Сляпую шкодную дактрыну. А растапталі перш за ўсё У Кацярыне - Кацярыну. 2003, сакавік