Читать «На флейце самоты (Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”)» онлайн - страница 4

Ніл Гілевіч

Гэтыя возьмуць Верх ва ўсім і заўсёды, Бо ў іх вачох — Тое, чаго не было У вачох маіх продкаў. Пад вечар набіў I сяннік і падушку Шэптам мурагу, Водарам спелых зёлак. Што сёння прысніцца мне? Рэдкая ўдача — Сонечны дзень пасярод Восені чорнай. Як узнагарода тым, Хто чакае і верыць. Уночы яна Так сырадоем пахла, Як быццам у ім Выкупаная была. Трыумфавала святасць. Гронкі каліны Ярка зырчаць на сонцы Над снежным долам. Занадта прыгожыя, Каб не заўважылі іх. Чаму ты, браток, Гэтак крычэў на мяне — Дзіка, сіберна? Чаму не дае мне Бог Забыць гэну злосць тваю? Позна, брат, позна За локаць сябе кусаць. Хто ж вінаваты, Што быў і сляпы, як крот, I, як дзіця, наіўны. Мне цяжка вельмі: Я знаю, што зрабілі За сотні гадоў З нашай ліцьвінскай душой Чужакі-акупанты. Дзед мой казаў так: «Якая розніца, хто — Жандар ці гандляр — Сядзе на галаву мне? Скіну — хто б з іх ні ўсеўся!» Па чым пазнаю, Што ты — мой брат беларус? У тваіх вачох — Наша гісторыя ўся, Усе дзесяць стагоддзяў. Вы думаеце, Што ў вас апраўданне ёсць? Так думаў і я. I гэта мой страшны грэх Перад памяццю родных. Усё замёрла: Ні лісток, ні травінка — Не шалахнуцца. Бы ў чаканні прысуду, Што зараз абвесціць гром. Гадзюка ў дзічы Скуру змяніла: такі — Прыроды закон. Выпаўзла з выпаўзіны I папаўзла... гадзюкай. Гэта не праўда Крычыць у табе, о не! У праўды, браток, Вочы — як васілёчкі, Вымытыя расою.

ПАМЯЦІ НІНЫ

2003-2004

Ведаю: гэта — Толькі маё. Да скону. Навошта ж пішу? Ну, можа, знойдзецца хтось, Хто зразумее нешта. Ціха ляжала. Думаў, што спіць. I раптам: «Ты ж трымайся, Ніл! Ты ж трымайся!..» — сказала. Не адкрываючы воч. «Падвядзі мяне Да вакна, — папрасіла. — Хачу паглядзець...» Праз паўхвіліны цяжка, Скрушна сказала: «Усё...» «Я паміраю. Ты разумееш гэта? Я паміраю...» Божа, за што ты судзіў Мне перажыць такое? Абарвалася... Усё абарвалася... Усё пагасла... Усё, што свяціла мне I абяцала свяціць. Помню, сказала: «Ой, як ты будзеш плакаць, Калі я памру...» Не, не ўяўляла яна Плачу майго землятрус.