Читать «На флейце самоты (Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”)» онлайн - страница 5

Ніл Гілевіч

Божа, ты ж бачыў Як ёй хацелася жыць! Чаму ж так? За што? Знаю адказ твой, Божа. Даруй мне мой боль і страх. Як ты прасіла: «Дамоў! Хоцьнадзень дамоў!..» I вось ты дома. I толькі на дзень. Заўтра Пакінеш свой дом навек. З гэтага часу На Кальварыйскіх кладах, У ціхім кутку, Будуць твой сон сцерагчы Сплаканыя таполі. Прыйшоў да цябе, А далакопы наўзбоч Яму капаюць... Хто ляжа ўжо сёння тут? Хай бы ўсё ж добры хтосьці. Лісты прыходзяць. Чамусьці кожны канверт Я ўскрываю так, Як быццам у ім знайду Выслабленне ад болю. Дзе ты, куды ты Гэтак далёка пайшла, Што не прыходзіш? Вочы прагледзіў — няма. Слухаю ціш — не чутно. Плачу і плачу. Я і не знаў, што ў мяне Слёзы так блізка. Як ні згадаю цябе — Вочы да Бога плывуць. Таго, што хацеў Пачуць у апошні час, — Ты не сказала. Можа, і лепш, бо, можа, Было б мне яшчэ цяжэй. Вось і настала Страшнай расплаты пара: Курчуся ў муках I праклінаю сябе — I ратунку не бачу. Перабіраю У памяці тыя дні — Тыя, што нашы... Божа, які мізэрны I жалкі я перад ёй. Ты — вечным жыла: Любоўю і дабрынёй. I будзеш вечна. А я — быў рабом часу. Гэтым і пакараны. Тымі ключамі, Што я адмыкаў дзверы У свет мілаты — Цяпер адмыкаю ў стынь, У пустату, у вусціш. Я знаю, чаму Мне так нясцерпна баліць Даўні твой здымак. Страшны быў першы твой боль. З ім і сышла ў магілу. Сто дзён я хадзіў Высакародна хлусіць: «Ты паправішся...» I вочы ад воч хаваў, Каб праўду не ўбачыла. Сядзела моўчкі. Як бы не чула мяне. I я замаўкаў. Пра што яна думала? Ніколі не буду знаць. Усё бачыла. Пакутвала. Плакала. I малілася: «Божа, падтрымай яго! Маіх сіл не хапае!..» Гэта быў подзвіг Твой чалавечы — каб я Чуўся шчаслівым. Чуўся, таму й не бачыў, Таму й не цаніў, сляпы. Помню, сказала: «Хадзем, палюбуемся, Як прамяніцца Наш бел-чырвона-белы!..» Быў Дзевяноста Другі. «Што яны робяць З Беларуссю! — плачучы, Крычала яна. — Я не стрываю й памру!..» I — памерла. Ад гора. Як мала тваіх Выслухаў я ўспамінаў! Усё адкладаў: «Будзе на гэта старасць». А старасці Бог не даў. У кожнай кветцы — Той, што ты пасадзіла, Бачу, здаецца, Твой, поўны суму, пагляд... Можа, таму, што восень?