Читать «На флейце самоты (Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”)» онлайн - страница 7

Ніл Гілевіч

Што ты стрывала, Сцярпела і вынесла — Знаю адзін я. Пэвен, што ў нашым краі Святых жанчын больш, чым дзе. З кім падзяліцца Мне болем за родны край — Так, як з табою? Так — каб сляза у слязу. Так — каб на клятву клятва. Помню, спытаўся: «Што ад мяне ім трэба? Чаму так грызуць?» I ты адказала мне: «Душу не прадаў — таму». «Ну й патрыёты! — Балесна ўздыхнула ты. — Няўжо ім няўцям, Што гэтай хлуснёй яны Б'юць Беларусі ў сэрца?» Мама... I Ніна... Як паміралі страшна!.. Вось і выходзіць: Хто ў муках пражыў жыццё — Ім і пакутная смерць. «Глядзіце, прашу, Каб у дворыку нашым Прыгожа было...» Успомніў просьбу тваю — I так сорамна стала. Годнасць і гонар За свой чалавечы сан — Годнасць і гонар. У гэтым ты ўся была. I на людзях і дома. А радасць жыцця, З якой ты прыйшла на свет, — Гасла і гасла... Усё радзей і слабей Свяціўся ёю пагляд. Любіць і цярпець. I не прыніжаць сябе Маладушнасцю. Да апошняга ўздыху Ты годна несла свой крыж. У нашым садку — Гняздзечка ў сівец-траве, I птушачка ў ім. Не хоча развітвацца Са мною твая душа. Ты плакала так Жаласліва — як дзіця Знясіленае, Што ўжо не можа гукаць Маму, а толькі плача. Найстрашнейшая Кара з усіх на зямлі — Кара памяці. О каб мог я забыцца На гэны роспачны плач! На што ні зірну — На хатку, кветнік, садок — Ва ўсім мне відзён Запозна ўяснёны мной Геній тваёй любові. Усё, што магла, Ты для мяне зрабіла. Усё, што магла. I нават намнога больш: Выгнала д'ябла з душы. Няма таго дня, Каб не падступіла мне Памяць да горла — Жалем, балючым няўсцерп. Ці не да Бога іду? Пытаецеся, Чаму не хаджу я ў храм На пакаянне? Чаму?.. Не хачу, каб Бог Зменшыў пакуты мае. Паэт Юрый Млынк, Неўзабаве па смерці Жонкі Марыі, Кончыў з сабой. Здаецца, Я разумею яго. Кожны год вясной Я загадваў, пачуўшы Голас зязюлі: Колькі ж мне накукуе? Сёлета — не загадаў. Да астатку дзён, Па самы апошні ўздых, На гэтай зямлі Ты — светач душы маёй. I там будзеш ім, і там...