Читать «На флейце самоты (Лірычныя мініяцюры ў жанры “танка”)» онлайн - страница 3

Ніл Гілевіч

Да дзеда ў госці З мамай ідзем — ірвуся Наперад хутчэй, — Знаю: за трэцяй гарой Будзе дзедава вёска. А быў жа ён — час, Калі мне здаваліся: Рачулка — ракой, Пагорачкі — горамі, Дзедава слова — Божым. Белая поўня. Белы сувой дарогі. Скора і дома! Камашы ў адной руцэ, Куфэрак кніг — у другой. «Любіць — не любіць...» Помню, абшчыпваў і я Белы рамонак. Забава, а як хацеў Скончыць пялёсткам «любіць»! Сон, а забыцца Не хоча. Дзіўная рэч: Праходзяць гады, А ён, той сон пра яе, Не-не ды і ўспомніцца. Старыя кнігі... Наважыў збыць — і не змог: У кожнай — знакі Алоўка... Вешкі пуцін, Якімі ішла душа. Праз колькі гадоў Унук мой будзе юнак, I нейкі мардач Пагоніць яго ў Чачню... Лепш сёння загіну я!.. Перад канчынай Бацька мне скрушна сказаў: «Вось, паміраю, А тых, з кімі ўсё жыццё Змагаўся, стала шчэ больш...» Як добра было б, Каб знік страшны цень вайны, Каб рунь ажыла, I каб шпакі занялі Домік, што я ім зрабіў! Родныя гукі... З гукаў — родныя словы... Са словаў — песні, Казкі, паэмы, драмы, Жыццё, Радзіма, Народ. Той, хто праславіў Бацькаўшчыну — папрасіў Два метры зямлі, Каб вярнуцца з чужыны... З удзячнасці — не далі. I я зразумеў: Хоць кінься грудзьмі на дот За волю Тваю — I з амбразуры зняты Не пераканаю іх. Часцей і часцей Апынаюся думкай На тым пагорку, Дзе мама, сястра і брат. I камяні. I сосны. Скора ўжо, скора Пройдзе, я веру, Гасподзь Па нашай зямлі. Толькі патрапіць бы нам Ступіць у Яго сляды. Ужо холадна, Ужо хочацца ў хату Падацца з двара I з напаленай грубкай Павітацца далоньмі. Гляджу на пусты, Голы садок. А ў думках: З кім я? I што я?.. На бязлістай галінцы Склее забыты яблык. Музыка лесу Заўсёды ў душу спакой Мне навявала. Што ж гэта сёння так Хвоі шумяць трывожна? Між чорных ялін, — Сонечна-жоўтыя спрэс, Сям-там бярозы, — Бы свечкі гараць, каб я Не заблудзіўся ў нетры. Вы — маеце ўсё, А я — толькі вяргіняў Кустоў дзесятак. Што ж трэба вам ад мяне? Даць на развод? Вазьміце!.. Зненавідзеўшы I прадаўшы ў няволю Родную мову, Гэныя дочкі-сыны Прададуць і Радзіму. Аж не верыцца, Гледзячы ў вочы жыццю, Што колісь і мы Мелі гонар дзяржаўных, Свабодных душой, людзей.