Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 47
Генрых Бёль
Я зноў азiрнуўся ў бок вакзала; яшчэ раз убачыў плакат, што вiсеў над бiлетнаю касай, каб яго маглi лепш разгледзець навабранцы: "Тым, хто служыць у войску, раiм набыць правераную ва ўжытку на працягу доўгага часу натуральную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Густава Егера, бялiзну з натуральнай тканiны «Палас», запатэнтаваную ва ўсiх цывiлiзаваных краiнах, i арыгiнальную рэфармаваную споднюю бялiзну сiстэмы доктара Лямана". Надышоў час пачынаць свой танец.
Я перайшоў цераз трамвайныя рэйкi, прамiнуў гатэль "Прынц Генрых" i Модэстгасэ i на хвiлю завагаўся, перш чым пераступiць парог кавярнi Кронэра: шкляныя дзверы, знутры занавешаныя зялёным шоўкам, паказалi мне маё аблiчча: я быў драбнаваты, малаваты ростам, выглядаў як нешта сярэдняе памiж равiнам i акторам-цыганам — чорнавалосы i апрануты ў чорнае, з неакрэсленым адценнем вясковасцi на твары; я зноў засмяяўся i адчынiў дзверы; афiцыянты якраз пачыналi расстаўляць на сталах вазоны з белымi гваздзiкамi; яны папраўлялi карткi з меню ў зялёных вокладках; кельнеры ў зялёных хвартухах, чорных жылетах, белых кашулях з белымi гальштукамi; дзве маладыя дзяўчыны, адна бландзiнка з ружовым тварам, другая — цёмнавалосая i бледная, раскладалi ў буфеце печыва, бiсквiты, падпраўлялi крэмавыя фiгуркi, адчышчалi да бляску срэбраныя лапаткi для пiрожных. Гасцей не было, а чысцiня панавала, як у лякарнi перад вiзiтам галоўурача; балет кельнераў, сярод якога я рухаўся лёгкiмi крокамi, нiбы салiст; статысты i дэкарацыi чакалi мяне; гэта была дрэсiроўка, прытым дасканалая, i мне падабалася тое, як тры кельнеры iшлi да столiка, робячы строга акрэсленыя рухi: сальнiчка, вазон, лёгкiм жэстам папраўленая картка, якая вiдавочна павiнна была ляжаць пад пэўным вуглом адносна сальнiцы; папяльнiчка, снежна-белая парцаляна з залатой аблямоўкаю; добра; гэта мне падабалася; я быў прыемна ўражаны; гэта быў сапраўдны горад, нi ў адным закутку, дзе мне дагэтуль даводзiлася тырчаць, нiчога такога не было.
Я пайшоў да крайняга левага кута залы, кiнуў на крэсла капялюш, побач з iм — нататнiк i футаральчык з алоўкамi; потым сеў; кельнеры мiж тым вярталiся з кухнi, бясшумна падпiхваючы перад сабою чайныя столiкi, пачалi расстаўляць бутэлечкi з прыправамi, прычапляць газетатрымальнiкi; я разгарнуў свой нататнiк, перачытаў — якi ўжо раз? — газетную выразку, наклееную на франтыспiсе вокладкi: "Адкрыты конкурс на пабудову новага абацтва бенедыктынцаў, у далiне Кiса, памiж паселiшчамi Штэлiнгерс-Гротэ i Гёрлiнгер-Штуль, на адлегласцi прыкладна 2 км ад сяла Кiслiнген; у конкурсе можа ўзяць удзел кожны архiтэктар, якi адчувае, што здольны да гэтага. Умовы конкурсу можна атрымаць пасля ўнясення сумы 50 (пяцьдзесят) марак у натарыяльную канцылярыю доктара Кiльба; Модэстгасэ, 8. Апошнi тэрмiн надаслання праектаў: панядзелак, 30 верасня 1907 г., 12-я гадзiна дня".
Я пералазiў цераз гурбы сухога муравальнага раствору, памiж прызмамi навюткай цэглы, правяраў яе на якасць абпальвання, абмiнаў цэлыя горы базальтавых камлыгаў, з якiх рабiлiся дзвярныя i аконныя каробкi; на калашыны маiх штаноў паналiпалi камякi гразi, на жылеце былi плямы вапны; тут, на будоўлi, раз-пораз чулiся моцныя слоўцы; цi камянi для мазаiкi, якая мне была патрэбная для выявы божае авечкi, усё яшчэ нiяк не прывезлi? Выбух гневу, сварка; крэдыты былi спыненыя, а потым зноў пачалi паступаць; майстры стаялi ў чацвер па абедзе ў чарзе каля маёй будкi, выдавалiся грошы за пятнiцу; а ўвечары, змораны, я сядаў у Кiслiнгене ў праз меру напалены вагон другога класа пасажырскага цягнiка, валiўся ў мяккае крэсла; цягнiк валачыўся ў цемры праз сумныя абшары сялянскiх бурачных палёў, праваднiк сонным голасам выкрыкваў назвы станцый: «Дэнклiнген», "Додрынген", «Кольбiнген», "Шаклiнген"; бурты буракоў, у цемры шэрыя, нiбы горы чалавечых чарапоў, ляжалi на пагрузачных пляцоўках, гатовыя пад пагрузку; i далей цягнулiся i цягнулiся бурачныя палi; на вакзале я валiўся ў каламажку, а дома — у абдымкi жонкi, якая цалавала мяне i пяшчотна праводзiла пальцамi па маiх стомленых павеках, з гордасцю дакраналася да слядоў раствору, што ўпрыгожвалi мае рукавы; я пiў каву; паклаўшы галаву ёй на каленi, курыў доўгачаканую цыгару — шэсцьдзесят пфенiгаў штука — i апавядаў ёй пра муляраў ды iх моцныя слоўцы; з iмi трэба было толькi блiжэй пазнаёмiцца, яны не былi злыя: можа, крыху грубаватыя, крыху занадта чырвоныя; але я ўмеў абыходзiцца з iмi; час ад часу iм трэба было паставiць скрыню пiва, расказаць iм на дыялекце адну-другую показку; i толькi нiколi не ныць, бо тады яны вывернуць табе пад ногi цэлую скрыню раствору — гэтак, як яны падстроiлi, калi прыехаў упаўнаважаны па будаўнiцтве ад архiбiскупа; альбо скiнуць з высокага рыштавання бэльку — так, як яны ўчынiлi пад час вiзiту ўрадавага прадстаўнiка: агромнiстая бэлька разляцелася на кавалкi перад самымi яго нагамi. "Ты думаеш, любая, я не ведаю, што гэта я залежу ад iх, а не яны ад мяне; цяпер, калi гэтулькi ўсяго будуецца паўсюды? I, вядома, яны чырвоныя, чаму iм не быць такiмi? Самае галоўнае, што яны ўмеюць мураваць, дапамагаюць мне ўкладвацца ў мае тэрмiны; калi я з камiсiямi падымаюся на рыштаваннi, досыць аднаго разу падмiргнуць iм — i дзiвосы робяцца".