Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 45
Генрых Бёль
Самае позняе пад час унiверсiтэцкага балю 6 студзеня я буду ведаць, з каторай я захачу ажанiцца, я буду танцаваць з ёю; я хацеў быць з ёю добры, кахаць яе, а яна мела нарадзiць мне дзяцей: пяць, шэсць, сем; дзецi будуць жанiцца, выходзiць замуж, падораць мне ўнукаў: пяць, шэсць, сем разоў па сем; i, прыслухоўваючыся да плямкання падковаў, што ўсё аддалялася ад мяне, я ўжо бачыў грамаду сваiх унукаў, бачыў сябе васьмiдзесяцiгадовым патрыярхам, што верхаводзiць запачаткаваным сабою родам, — святы дня нараджэння, хаўтуры, срэбраныя i залатыя вяселлi, хрысцiны; немаўляты, якiх кладуць у мае старэчыя рукi, праўнукi, я буду любiць iх, як i маiх маладых i прыгожых нявестак, якiх буду запрашаць на сняданнi, якiм буду дарыць кветкi i цукеркi, адэкалоны i карцiны; я ведаў пра ўсё гэта, калi стаяў там, i быў гатовы выйсцi на танец.
Я паглядзеў услед служку, якi вёз на вазку мае рэчы ў дом нумар 7 па Модэстгасэ: кош з замком, у якiм ляжалi мая бялiзна i мае эскiзы; а таксама скураны чамаданчык з паперамi, дакументы i грошы: чатырыста залатых манет, чысты заробак пасля дванаццацiгадовай працы на будоўлях у вясковых прадпрымальнiкаў, у бюро сярэдненькiх архiтэктараў; я рысаваў, праектаваў i будаваў рабочыя пасёлкi, прамысловыя будынкi, цэрквы, школы, прафсаюзныя сядзiбы, пералапачваў каштарысы, прабiваўся праз напышлiвыя моўныя звароты ў асобных пунктах — а драўляны паркет у рызнiцы павiнен быць выкананы з найлепшай, без адзiнага сучка, драўнiны; на выраб лiштваў мае быць выбраны найлепшы матэрыял.
Я ведаю, што, стоячы там, каля вакзала, я смяяўся, але дагэтуль не ведаю, з чаго цi з якой прычыны; упэўнены я быў у адным: смех мой вынiкаў не з адной радасцi; былi ў iм кпiны, здзек — можа, нават зласлiвасць; але я нiколi не ведаў, колькi чаго было ў гэтым смеху; я думаў пра мулкiя лаўкi, на якiх сядзеў на занятках вячэрнiх курсаў, дзе я працягваў адукавацца: вучыў арыфметыку, матэматыку, вывучаў рысунак, навуку рамёстваў, танцы, плаванне; у якасцi лейтэнанта-сапёра запасу восьмага Кобленцкага батальёна я сядзеў на мысе Дойчэс-Эк, а воды Рэйна здавалiся мне гэткiмi ж пратухлымi, як воды Мозэля; я жыў па чарзе ў дваццацi трох мэбляваных пакоях, спакушаў дачок гаспадароў кватэр, i яны мяне спакушалi; басанож я шмыгаў па калiдорах з застаялым пахам, каб прымаць i аддаваць пяшчоту — i тую, што за апошняй мяжою, таксама; хоць яна заўсёды аказвалася фальшывай манетай; прыгадвалiся вада з лавандаю i распушчаныя валасы; а ў жахлiвых каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць, гучалi суровыя словы: «нягоднiк», "гонар", «цнатлiвасць», i там ужо лавандаю не пахла; з жахам я прачытваў сваю будучыню не ў тварах пазбаўленых цнатлiвасцi дачок, а ў тварах матак, на якiх было напiсана тое, што мяне чакала. Я не быў нягоднiкам: шлюбу нiводнай не абяцаў i не хацеў правесцi сваё жыццё ў каморках, дзе на пазелянелых шкляных сподках псавалiся плады, якiя нiколi нельга было чапаць.
Па вяртаннi з вячэрнiх курсаў я працягваў рысаваць, лiчыць i рысаваць ад паловы на дзевятую да дванаццатай, маляваць анёлаў i дрэвы, аблогi хмар i цэрквы, каплiцы — у гатычным, раманскiм, барочным, бiдэрмаераўскiм стылi, у стылi ракако — i, калi ласка, у сучасным стылi таксама: доўгавалосыя жанкi, чые адухоўленыя твары луналi над дзвярамi дамоў, а распушчаныя валасы ападалi з абодвух бакоў увахода, нiбы заслоны; дакладна над сярэдзiнай дзвярэй быў строгi прабор; калi ласка: у тыя запоўненыя працай гадзiны гаспадарскiя дочкi, знуджаныя без кахання, прыносiлi мне слабую гарбату альбо слабы лiманад, правакавалi мяне да любошчаў, якiя iм здавалiся смелымi; а я рысаваў далей, перш за ўсё дэталi, бо ведаў, што яны — хто былi гэтыя "яны"? — найлягчэй давалi сябе падкупiць дэталямi: клямкамi, дэкаратыўнымi кратамi, божымi авечкамi, пелiканамi, якарамi i крыжамi, па якiх з шыпеннем, звiваючыся, паўзлi ўгору — i не маглi ўзпаўзцi вышэй змеi.