Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 49
Генрых Бёль
Я якраз пачаў рабiць накiд вакзальнага фасада, упэўненымi штрыхамi рысаваў на цнатлiва-чыстай паперы абрысы вокнаў, калi вярнуўся афiцыянт. Ён вычакаў, пакуль я падняў галаву, i, здзiўлены, адарваў аловак ад паперы.
— Дазвольце запытацца, у якой прапорцыi змешваць сыр з папрыкаю?
— Сорак пяць грамаў сыру, напарстак папрыкi — добра перамяшаць… i, паслухайце, пане кельнер, я буду снедаць тут i заўтра, i паслязаўтра, i праз тры днi, праз тры тыднi, праз тры месяцы i тры гады — вы чуеце мяне? I заўсёды ў гэтую пару, каля дзевятай.
— Слухаю пана.
Гэта было тое, чаго я дамагаўся, — i спрацавала ўсё дакладна. Пазней мяне нярэдка нават браў страх, бо мае намеры здзяйснялiся гэтак дакладна i нiколi не адбывалася нiчога непрадбачанага; праз два днi я ўжо быў "пан, якi есць сыр з папрыкаю", праз тыдзень — "той малады мастак, што заўсёды каля дзевятай прыходзiць снедаць", а праз тры тыднi — "пан Фэмель, малады архiтэктар, якi працуе над вялiкiм праектам".
— Так, так, дзiцятка, усё гэта датычыць абацтва Святога Антонiя; гэта цягнецца шмат гадоў, Леанора, — дзесяцiгоддзi, аж да сённяшняга дня; рамонты, пашырэнне забудовы, а пасля тысяча дзевяцьсот сорак пятага адбудова паводле старых планаў; абацтва Святога Антонiя адно зойме цэлую палiцу. Ваша праўда, тут бы не пашкодзiў вентылятар; сёння горача; не, дзякуй, не хачу сядаць.
У рамах з пераменнымi малюнкамi вiдаць блакiтнае паўднёвае неба дня 6 верасня 1958 года, профiль лiнii дахаў; цяпер зноў без пярэрваў; вялiкiя кубкi з чаем на рознакаляровых сталах на тэрасах; жанчыны ў шэзлонгах, што лена выцягнулiся на сонцы; вакзал, што вiруе адпачынкоўцамi — можа, праз гэта стары Фэмель дарэмна чакаў сваю ўнучку Рут? Мажлiва, яна з'ехала, адклаўшы ўбок "Падступнасць i каханне"? Ён асцярожна прамакнуў насоўкаю пот на лбе, нiколi яго надта не дапякалi нi спёка, нi сцюжа; паблiзу ад правага рога зменнай рамы Гоэнцолерны ўсё яшчэ iмчалi на бронзавых клячах у напрамку захаду, неадменна, ужо сорак восем гадоў — i той, найвышэйшы ваявода, таксама; i нахiл ягонай галавы па-ранейшаму сведчыў пра яго фатальную пыху; тады, пры столiку кавярнi Кронэра, калi кельнер нёс мне сыр з папрыкаю, я, усмiхаючыся, рысаваў цокаль, на якiм яшчэ не было помнiка; я заўсёды быў такi ўпэўнены ў будучынi, што сучаснасць здавалася мне закончанай мiнуўшчынай — было гэта першае маё снеданне ў Кронэравай кавярнi цi ўжо трохтысячнае? Дзень пры днi ў кавярнi Кронэра а дзевятай пры снеданнi; толькi адно магло перашкодзiць у гэтым — вышэйшая ўлада: калi мой найвышэйшы ваявода паклiкаў мяне пад свае баявыя харугвы — гэты прыдурак, што ўсё яшчэ iмчыць на захад на бронзавай клячы. Сыр з папрыкаю? Цi еў я гэтую своеасаблiвую чырвона-белую масу, якая была нават досыць смачная, першы раз у жыццi, бо прыдумаў яе толькi за гадзiну перад тым, у хуткiм цягнiку, што ляцеў з поўначы да гэтага горада, — каб надаць свайму цяпер штодзённаму сняданку непаўторны кшталт; цi я ўжо трыццаты раз намазваў гэтую масу на чорны хлеб, пад час, калi кельнер забiраў са стала кiлiшак для яйка i адсоўваў сподачак з мармеладам?