Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 46
Генрых Бёль
Захавалася таксама ў маёй памяцi хiтрасць, якую занадта часта ўжываў мой апошнi шэф Домгрэве: у найважнейшай хвiлi ён нiбы знарок выпускаў з рук ружанец; калi пад час агледзiн месца набожныя сяляне горда паказвалi ўчастак, што быў вызначаны iм пад будоўлю царквы, калi поўныя прастадушнай цноты члены ўправы царкоўнай абшчыны абвяшчалi пра намер пабудаваць новую святыню — трэба было разам з дробнымi грашыма, гадзiннiкам альбо цыгарэтавымi абцужкамi выцягнуць з кiшэнi ружанец, даць яму ўпасцi, а потым са збянтэжаным выглядам падняць з зямлi; гэта нiколi не магло рассмяшыць мяне.
— Hе, Леанора. Вялiкае «А» на папках, скрутках з планамi i каштарысах не абазначае «атрымана». Гэта значыць «Антонi»: абацтва Святога Антонiя.
Цiха ступаючы па падлозе, яна рабiла сваiмi далiкатнымi рукамi парадак, якi стары Фэмель заўсёды любiў, але нiколi не ўмеў падтрымлiваць. Занадта шмат было ўсяго: зашмат даручэнняў, зашмат грошай.
Калi я вар'ят, дык я iм быў ужо тады, калi там, на вакзальнай плошчы, правяраў, цi ёсць у кiшэнях дробныя грошы, маленькi нататнiк, зялёны футаральчык з алоўкамi, цi добра завязаны мой аксамiтны гальштук; калi я абмацваў брылi свайго чорнага мастакоўскага капелюша, абмацваў адно i другое крысо пiнжака ў маiм гарнiтуры — адзiнай, якую я меў, прыстойнай вопратцы, што засталася мне ў спадчыну ад дзядзькi Марзiля, настаўнiка, якi памёр яшчэ малады ад сухотаў; ужо аброс мохам надмагiльны камень у Мэзе, дзе ён, дваццацiгадовы, стаяў з дырыжорскаю палачкай перад касцельным хорам, дзе ўбiваў у галовы сялянскiм дзецям патройнае правiла, дзе вечарамi ў сутоннi рабiў праходкi па сцежках уздоўж багнiстага балота, марачы пра дзявочыя губы, пра хлеб, вiно i пра славу, якую яму павiнны былi здабыць удалыя вершы; мары на сцежках каля балота доўжылiся два гады, аж пакуль паток крывi не залiў iх i не панёс да цёмных берагоў; засталiся па iм вершы ў сшытку на чвэрць аркуша, чорны гарнiтур, у спадчыну хроснаму, дзве залатыя манеты i на зялёнай фiранцы ў школьным класе крывавая пляма, якую не здолела вывесцi жонка ягонага настаўнiка; песня, якую праспявалi дзiцячыя вусны над магiлаю галоднага настаўнiка: "Вежы, скажыце, куды адляцела саколка?"