Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 44

Генрых Бёль

У мяне было толькi дзесяць хвiлiн, перад тым як зрабiць першае па: усяго толькi каб прайсцi цераз вакзальную плошчу, потым паўз гатэль "Прынц Генрых", перайсцi Модэстгасэ i пераступiць парог у кавярнi Кронэра. Я паявiўся ў гэтым горадзе ў дзень, калi мне споўнiлася дваццаць дзевяць год; гэта была вераснёвая ранiца. Рамiзнiцкiя клячы пiльнавалi сваiх дрымотных гаспадароў; гатэльныя служкi ў фiялетавых лiўрэях гатэля "Прынц Генрых" валачылi валiзы ўслед за гасцямi на вакзал; падымалiся салiдныя краты на вокнах банкаў, укручваючыся з паважным бразгатаннем у адмысловыя барабаны; галубы, прадаўцы газет; уланы — цэлы эскадрон якраз праязджаў перад вокнамi гатэля; ротмiстр памахаў рукой жанчыне ў ружова-чырвоным капелюшы; яна стаяла на балконе з тварам, прыкрытым вэлюмам; паветраны пацалунак быў пасланы ў адказ; плямканне падковаў па брукаванцы; гукi арганаў з адчыненых дзвярэй сабора Святога Севярына.

Я моцна хваляваўся; выцягнуўшы з кiшэнi план горада, я разгарнуў яго i пачаў разглядаць чырвоны паўкруг, якi я намаляваў алоўкам вакол вакзала; пяць чорных крыжыкаў паказвалi сабор i чатыры меншыя касцёлы; я падняў вочы, выглядзеў у ранiшняй iмгле чатыры вежы: пятай, сабора Святога Севярына, мне шукаць было не трэба, яна стаяла якраз перада мною; вялiзны цень, што падаў ад яе, прымусiў мяне задрыжаць; я зноў апусцiў вочы да плана: усё супадала; жоўты крыжык абазначаў дом, дзе я наняў кватэру i кабiнет, заплацiўшы за паўгода наперад: Модэстгасэ, 7 — памiж Святым Севярынам i Мадэставай брамай; гэта, мусiць, было там, справа, дзе якраз група царкоўных служкаў пераходзiла на другi бок вулiцы. Ён меў адзiн кiламетр радыуса — паўкруг, што я накрэслiў вакол вакзала: унутры гэтага паўкруга жыла жанчына, з якой я збiраўся ажанiцца; я яе не знаў, не ведаў, як яе завуць; я ведаў толькi, што яна — з сям'i патрыцыяў, пра якiх мне расказваў мой бацька: ён служыў тут тры гады ва ўланскiм палку i вярнуўся з нянавiсцю ў сэрцы, з нянавiсцю да коней i афiцэраў; да гэтай нянавiсцi я ставiўся з павагай, хоць i не падзяляў яе; я быў рады, што бацька не дажыў да таго дня, калi я сам зрабiўся афiцэрам: лейтэнантам-сапёрам у запасе; я смяяўся, я не раз смяяўся тае ранiцы, пяцьдзесят адзiн год таму; я ведаў, што вазьму сабе жонку з аднаго з тых дамоў, што ў яе будзе прозвiшча Бродэм альбо Кузэнiус, Кiльб альбо Фэрфэ; ёй павiнна было споўнiцца дзевятнаццаць, i якраз цяпер, менавiта цяпер яна вярталася з ранiшняе iмшы дадому; пакiнуўшы малiтоўнiк у пярэднiм пакоi, яна заходзiла да бацькi якраз у адпаведную хвiлю, каб атрымаць ад яго пацалунак у лоб — перш чым ягоны грымотны бас пачне аддаляцца праз калiдор i сенцы ў напрамку канторы; яна снедала кавалкам хлеба з мёдам, выпiвала фiлiжанку кавы; "Hе, не, мама, дзякую. Яйка не трэба!" — i яна чытала мацеры пра днi чарговых баляў. Цi дазволяць ёй пайсцi на ўнiверсiтэцкi баль? Дазволяць.