Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 18
Генрых Бёль
— Цi я правiльна пачуў? Ты хочаш размаўляць з метрдатэлем?
Тут ён пачырванеў, а потым пасiнеў ад злосцi. Д'ябал! Я, вiдаць, зноў падумаў уголас i, мажлiва, нават голасна звярнуўся да цябе на «ты»? Гэта было б, вядома, вельмi прыкра, недаравальная памылка, бо такiм, як Вы, людзям я нiколi «ты» не кажу.
Што я сабе дазваляю? Я стары чалавек, маю амаль семдзесят — i вось, падумаў сабе ўголас; у мяне крыху склероз, не ўсё ў парадку з галавою, i мяне баронiць пяцьдзесят першы параграф; я ж тут на ласкавым хлебе.
Абароназдольнасць? Зброя? Толькi гэтага мне яшчэ не хапала. Да метрдатэля, калi ласка, налева па калiдоры, потым другiя дзверы направа; кнiжка скаргаў у саф'янавай вокладцы. А калi б ты аднаго разу замовiў тут сабе яечню, а я ў той момант быў на кухнi — дык я палiчыў бы за гонар асабiста плюнуць у патэльню тваёй высокай асобе. А пасля ты атрымаеш маё прызнанне ў любовi ў натуральным выглядзе, змяшанае з распушчаным маслам. Калi ласка, шаноўны пане!
— Але ж я ўжо сказаў вам, пане. Вунь там налева, потым другiя дзверы направа, кабiнет метрдатэля. Кнiга скаргаў у саф'янавай вокладцы. Вы жадаеце папярэдняга паведамлення? Ахвотна зраблю. Камутатар… Калi ласка, пана дырэктара, гэта парцье. Пан дырэктар, тут адзiн пан… як гэта яго прозвiшча? Нэтлiнгер… прашу прабачыць, доктар Нэтлiнгер хацеў бы тэрмiнова з Вамi пагаварыць. Якая прычына? Скардзiцца на мяне. Добра, дзякуй. Пан дырэктар вас чакае."…Так, ёсць, шаноўная панi, сёння ўвечары феерверк i шэсце, першая вулiца налева, потым другая направа, зноў трэцяя налева, i там Вы ўбачыце шыльдачку: "Да рымскiх дзiцячых магiлак". Няма за што, заўсёды рады памагчы. Вялiкi дзякуй". Адна марка; гэтай манетай нельга грэбаваць, калi яе дае рука гэткай пачцiвай старой настаўнiцы. Паглядзi, паглядзi, як я з усмешкаю прымаю зусiм маленькiя грошы i не бяру вялiкае сумы. Рымскiя дзiцячыя могiлкi — гэта ясная рэч. Удовiным грошам пагарджаць няможна. А грашы "на чай" — гэта душа нашае прафесii.