Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 17
Генрых Бёль
Неверагодна, але каля зялёнае купюры адразу ж з'явiлася блакiтная; сума пабольшала да трыццацi марак, а проста ў твар Ёхэну патыхнула моцным водарам ад хмары цыгар «Партагас-Эмiнэнтэс».
Пыхай сабе колькi хочаш, дзьмухай мне ў твар дымам сваiх цыгараў па чатыры маркi штука i пакладзi яшчэ фiялетавую банкноту. Ёхэна не падкупiш. Hе пад сiлу гэта табе, нават за тры тысячы; няшмат людзей у сваiм жыццi я любiў, а вось гэтага хлопца люблю. Няўдала выйшла ў цябе, сябра з паважным тварам, з рукою, што прызвычаеная падпiсваць паперы; ты спазнiўся на паўтары хвiлiны. Ты ж павiнен быў унюхаць, што ў дачыненнi да мяне купюры — гэта найменш прыдатная рэч. У мяне ў кiшэнi нават ёсць натарыяльна завераны дакумент, згодна з якiм я да канца свайго жыцця маю права на маю каморку там, пад самым дахам, i на маiх галубоў; я магу замаўляць сабе на снеданне i на полудзень усё, чаго душа пажадае, i, апроч таго, атрымлiваю сто пяцьдзесят марак гатоўкаю — гэта ў тры разы больш, чым мне каштуе мой тытунь; у мяне ёсць сябры ў Капенгагене, у Парыжы, у Варшаве i ў Рыме — а каб ведаць табе, як сябруюць мiж сабою ўладальнiкi паштовых галубоў; але ж ты нiчога не ведаеш, ты думаеш, што за грошы можна мець усё; гэта — iсцiны, якiя вы самi сабе ўбiваеце ў галовы. Ну i вядома, гатэльны парцье гатовы зрабiць за грошы ўсё, што хочаш, за фiялетавую купюру прадасць табе сваю родную бабулю. Толькi адной рэчы, мой сябра, мне не дазволена тут рабiць, адно-адзiнае выключэнне абмяжоўвае маю свабоду: калi я на службе тут, унiзе, мне не дазваляецца курыць маю люльку; i я першы раз шкадую, што ёсць гэтае выключэнне: iнакш я насустрач дыму ад тваiх «Партагас-Эмiнэнтэс» пусцiў бы добрую чорную хмару… Можаш — кажучы ясна i выразна — пару сотняў ды яшчэ дваццаць сем разоў пацалаваць мяне ў с…! Фэмеля я табе не прадам. Няхай ён спакойна гуляе ад паловы дзесятай да адзiнаццацi ў бiльярд там, наверсе, хоць я прапанаваў бы яму iншы занятак, а менавiта: сядзець на тваiм месцы ў мiнiстэрстве. Альбо рабiць тое, што ён рабiў у маладыя гады: кiдаць бомбы, каб гэткаму, як ты, мяшку з г… нагнаць страху. Але калi ён ужо хоча ад паловы дзесятай да адзiнаццацi гуляць у бiльярд, дык няхай гуляе, а я тут дзеля таго i стаю, i гэта мой клопат, каб яму нiхто не замiнаў. А цяпер ты можаш забраць свае грошы назад i выцерцi пасля iх прылавак, а калi ты яшчэ зараз пакладзеш якую купюру, я не ведаю i не адказваю за тое, што тут будзе. Бестактоўнасцю я ўжо сыты па вушы i таксама безгустоўнасць цярплiва вытрываў тысячы разоў; запiсваў у свой спiс парушальнiкаў i парушальнiц шлюбнага закону i педэрастаў, адпэнджваў ашалелых жонак i рагатых мужоў — i ты не думай, што я дзеля гэтага прыйшоў на свет белы. Я заўсёды быў добрым хлопцам, прыслугоўваў да iмшы — як i ты, напэўна, спяваў у харавым гуртку песнi айца Кольпiнга i святога Алаiзiя; тады мне было дваццаць, i я ўжо шэсць год як працаваў у гэтай установе. I калi я не страцiў дагэтуль веры ў чалавецтва, дык гэта толькi дзякуючы таму, што ёсць на свеце колькi такiх людзей, як малады Фэмель i яго мацi. Схавай лепш свае грошы, выцягнi з рота цыгару i пакланiся ветлiва мне, старому чалавеку, якi бачыў грахоў i заганаў куды як больш, чым ты можаш нават сабе ўявiць, дазволь i вунь таму служаку прытрымаць для цябе дзверы-круцёлку i — кацiся адсюль.