Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 19
Генрых Бёль
— Так-так, вось там, за рагом… слушна.
Яны яшчэ не паспеюць вылезцi з таксi, а я ўжо ведаю, цi буду мець дачыненне з чыёйсьцi нявернасцю ў шлюбе. Я гэта чую нюхам здалёк, арыентуюся ў самых заблытаных i складаных сiтуацыях. Бываюць гэткiя зусiм нясмелыя каханкi, па якiх усё адразу вiдаць, i хочацца iм сказаць: дзецi, не засмучайцеся так: гэта ўсё ўжо было, я працую парцье ўжо пяцьдзесят гадоў i буду намагацца не рабiць вам прыкрасцей. Пакой на дзве асобы; усяго пяцьдзесят дзевяць марак восемдзесят — разам з дадаткам "на чай"; за гэта вы можаце разлiчваць на крышачку зычлiвасцi; а калi вас ужо спапяляе юр, усё-ткi, калi магчыма, не пачынайце ўжо ў лiфце… У гатэлi "Прынц Генрых" людзi кахаюцца за падвойнымi дзвярыма… не будзьце такiя сарамлiвыя, не бойцеся; каб вы ведалi, хто толькi ў гэтых асвенчаных высокiмi коштамi пакоях не задавальняў сваю сексуальную нецярплiвасць: тут былi людзi набожныя i бязбожныя, дрэнныя i добрыя. Пакой на дзве асобы з ваннаю, бутэлька шампанскага ў нумар. Цыгарэты. Снеданне а палове адзiнаццатай. Усё як найлепш. Прашу, пане, падпiшыце тут… не, вось тут — i, спадзяюся, ты не такi дурань, каб напiсаць сваё сапраўднае прозвiшча. Гэтая папера сапраўды iдзе ў палiцыю, там на ёй ставяць пячатку; яна робiцца дакументам i мае сiлу доказу. Hе давярай гарантыям таямнiцы з боку ўладаў, дарагi мой хлопча. Чым iх болей, тым больш iм трэба корму. А можа, ты калi-небудзь быў камунiстам, тады варта быць удвая пiльнейшым. Я таксама колiсь быў камунiстам, i католiкам быў таксама. I гэта сядзiць глыбока. Я i сёння не дам нiкому i слова сказаць супраць пэўных людзей, а хто пры мне дазволiць сабе па-дурному пакпiць з Мацi Боскай альбо з бацькi Кольпiнга, таму я здолею паказаць, што да чаго.
— Гатэльны! Нумар 42. Вунь там лiфт, калi ласка, пане.
Такiх вось я якраз чакаў — такiх, што здраджваюць шлюбным повязям вераломна, нiчога не хаваючы, i хочуць усяму свету прадэманстраваць, якiя яны, маўляў, незалежныя. Але калi вам няма чаго хаваць, дык чаму вы робiце гэткiя нахабныя мiны i гэтак выстаўляеце сваё нежаданне-нiчога-хаваць. Калi вам i праўда хаваць няма чаго, дык i не трэба хаваць. Калi ласка, пане, распiшыцеся тут — не-не, вось тут. Ну, з гэтай дурнаватай гусыняю я нiчога б не хацеў хаваць. Не-не! Каханне — гэта як грошы на чай. Пытанне аднаго iнстынкту. Бо па жанчыне адразу вiдно, цi варта мець з ёю якую-небудзь супольную таямнiцу. З гэтай не варта. Можаш, хлопча, мне паверыць. Тыя шэсцьдзесят марак за ноч плюс шампанскае ў нумар, грошы на чай, плюс снеданне, i што ты там яшчэ мусiш ёй ахвяраваць, — не варта. To ад прыстойнай i сумленнай вулiчнай дзяўчыны, што ведае сваю работу, ты б за гэта атрымаў сёе-тое… Гатэльны! Пакой сорак тры для пана i панi. Божачка, якiя людзi неразумныя!
— Слухаю, пан дырэктар, зараз iду… слухаю.
Вядома, гэткiя людзi, як ты, створаныя, каб быць дырэктарамi гатэляў; гэта як у жанчын, што просяць выразаць сабе пэўныя ўнутраныя органы; тады ўжо нiякiх праблем няма, але што гэта было б за каханне без нiякiх праблем; а калi нехта выдаляе ў сябе сумленне, нават цынiка з яго не атрымаецца. Чалавек, якi няздольны засмучацца, перастае быць чалавекам. Я выхоўваў з цябе гатэльнага, чатыры гады трымаў у чорным целе; ты разгледзеўся ў свеце, наведваў школы, вывучаў мовы, прыслугоўваў у саюзнiцкiх i несаюзнiцкiх афiцэрскiх казiно пры варварскiх выкрыках п'яных пераможцаў i пераможаных; пасля гэтага ты адразу ж вярнуўся сюды, i першае, што ты — тлусты, гладкi i без усякага сумлення — спытаў, было: "Цi стары Ёхэн усё яшчэ тут?" Я тут, усё яшчэ тут, мой хлопча.