Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 10

Генрых Бёль

— Я i кажу, яна сядзела якраз на тым самым месцы, дзе Вы, Леанора, седзiцё цяпер; iмя яе было Жазэфiна…

Цi стары Фэмель i ёй таксама гаварыў камплiменты пра яе валасы i колер твару?

Стары засмяяўся i паказаў рукой на плакат над сынавым сталом — адзiная рэлiквiя мiнулых часоў: сентэнцыя, выпiсаная белымi лiтарамi на шыльдачцы з дрэва: "Правая рука iх поўная дарункаў". Дэвiз Кiльбавай i Фэмелевай непадкупнасцi.

— Абодва мае швагры, апошнiя мужчыны ў родзе Кiльбаў, не выказалi вялiкай цягi да юрыспрудэнцыi; аднаго пацягнула ў кавалерыю, да ўланаў, другому не хацелася рабiць нiчога; але абодва, улан i гультай, загiнулi ў адзiн дзень, у адным i тым палку, пад час аднаго штурму; пад Эрбi-ле-Юэт яны паскакалi проста ў кулямётны агонь, сцерлi прозвiшча Кiльб, панеслi свае грахi, што квiтнелi ярка-чырвоным колерам, разам з сабой у магiлу, там, пад Эрбi-ле-Юэт.

Стары Фэмель быў шчаслiвы, калi раптам знаходзiў на калашынах сваiх нагавiц плямы ад бетоннага раствору i мог папрасiць Леанору адмыць iх. Ён часцяком прыходзiў з вялiзнымi сувоямi рысункаў пад пахай. Леанора магла толькi здагадвацца, калi ён браў iх з свайго архiву цi сапраўды меў нейкiя новыя замовы.

Ён паволi сёрбаў каву, хвалячы яе; потым падсунуў да Леаноры сподачак з пiрожнымi, зацягнуўся цыгарай. На яго твары зноў быў выраз задуменнасцi.

— Робертаў школьны таварыш? У такiм разе я павiнен яго ведаць. Яго прозвiшча часам было не Шрэла? Вы ўпэўнены?.. Hе, не, ён не курыў бы гэткай цыгары, глупства! I Вы накiравалi яго ў "Прынц Генрых"? Ну, даражэнькая Леанора, вядома, будзе вялiкая лаянка, бойка будзе. Роберту не даспадобы, калi хто ўлазiць у ягоныя прыватныя справы. Ён яшчэ малы быў такi: гжэчны, ветлiвы, iнтэлiгентны, карэктны; але калi нехта заступаў за вызначаную мяжу, ён не ведаў лiтасцi. Нават забiць мог бы. Я заўсёды яго трохi баяўся. I Вы таксама? Ах, дзiцятка, але ж ён Вам нiчога дрэннага не зробiць, будзьце разумныя. Хадзем, з'ямо чаго-небудзь разам, адсвяткуем гэткiм чынам Вашу новую пасаду i мой дзень нараджэння. Hе рабiце толькi нiякiх глупстваў. Калi ён ужо лаяўся па тэлефоне, дык нiчога больш не будзе. Шкада, што Вы не запомнiлi прозвiшча. Я i не ведаў, што Роберт падтрымлiвае зносiны з былымi школьнымi таварышамi. Ну, хадзем. Сёння субота, ён не будзе наракаць, калi Вы крыху раней скончыце работу. Адказнасць бяру на сябе.