Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 8
Генрых Бёль
Калi такое находзiла на старога Фэмеля, ён быў падобны да сляпога; Леаноры вельмi хацелася збегаць па кветкi ў краму, купiць яму ладны букет, але яна баялася пакiдаць яго самога. Стары распасцёр рукi ў паветры, яна асцярожна падсунула яму папяльнiчку; ён, iзноў узяўшы цыгару ў рот, зiрнуў на Леанору i прамовiў цiха:
— Hе думай, дзiцятка, што я з'ехаў з глузду.
Леанора любiла яго. Ён часцяком заходзiў па яе ў бюро, прасiў злiтавацца з яго бухгалтэрыi, што нядбайна вялася там, на другiм баку вулiцы, высока над друкарняй, дзе ён кватараваў у "атэлье сваёй маладосцi"; стары Фэмель яшчэ захоўваў дакументы, якiя рэвiзавалi падаткавыя агенты, чые магiлы былi забытыя, перш чым яна навучылася пiсаць; акцыi ў ангельскiх фунтах, у доларах, пакеты на плантацыi ў Сальвадоры; там, уверсе, Леанора корпалася ў запыленых рахунках, расшыфроўвала запiсаныя ад рукi выняткi з рахункаў у даўно лiквiдаваных банках, чытала тэстаманты, дзе ён завяшчаў грошы альбо маёмасць сваiм дзецям — тым, каго ён перажыў на сорак гадоў. "Сыну майму Генрыху аддаю ў неабмежаванае карыстанне абедзве сядзiбы з зямлёю, Штэлiнгер Гротэ i Гёрлiнгер Штуль — бо прыкмецiў у iм тыя спакой i радасць, якiя надае яму бачанне развiцця тых рэчаў, што мне здаюцца неабходным варункам жыцця гаспадара на зямлi…"
— Тут, — ускрыкнуў стары, узмахнуўшы цыгараю, — тут я дыктаваў тэстамант майму цесцю, увечары, напярэдаднi таго, як я адыходзiў у войска. Я дыктаваў, а мой хлопчык тады спаў наверсе; назаўтра ўранку ён яшчэ праводзiў мяне на вакзал… пацалаваў мне ў шчаку — вуснамi сямiгадовага дзiцяцi, але нiхто, чуеш, Леанора, нiхто не прыняў маiх дарункаў: усё вярнулася да мяне — маёнткi i рахункi ў банках, працэнты з рэнтаў i падаткаў. Я нiводнага разу не змог чаго-небудзь ахвяраваць; толькi мая жонка магла рабiць гэта, i яе дарункi прымалiся — але калi я ўночы ляжаў каля яе, я не раз чуў, як яна нешта мармытала: доўга, лагодна сплываў, як вада, шэпт: "навошта-навошта-навошта…"
I зноў плакаў стары чалавек, цяпер у вайсковай форме, капiтан сапёрных войскаў у запасе, радца Генрых Фэмель; адпушчаны на некалькi дзён дадому ў сувязi са смерцю сямiгадовага сына; Кiльбава фамiльнае гробiшча прыняло белую дамоўку: цёмны, вiльготны мур i свежыя, нiбы сонечныя прамянi, лiчбы, год смерцi 1917-ты. Роберт, у чорным аксамiтавым касцюмчыку, чакаў на вулiцы ў карэце…