Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 9
Генрых Бёль
У Леаноры выпала з рук марка, гэтым разам фiялетавая; у яе не ставала адвагi наклеiць яе зараз на лiст да Шрыта; конi, запрэжаныя ў карэту, пырхалi ад нецярплiвасцi перад могiлкавай брамаю, а двухгадоваму Роберту Фэмелю было дазволена патрымацца за лейцы: чорная скура, патрэсканая па краях, i свежае золата лiчбаў, што зiхцела ярчэй ад сонечных прамянёў…
— Чым ён займаецца, што робiць мой сын — адзiны, якi застаўся ў мяне, Леанора? Што ён робiць у гатэлi "Прынц Генрых" шторанiцы, з паловы дзесятай да адзiнаццацi… яму было дазволена зблiзку паглядзець, як коням падвязваюцца торбы з аброкам; што ён робiць? Скажыце мне, прашу Вас, Леанора!
Вагаючыся, яна падняла фiялетавую марку i сказала цiха:
— Я не ведаю, што ён там робiць. Далiбог, не ведаю.
Стары зноў засунуў цыгару ў рот; усмiхаючыся, адкiнуўся ў фатэлi — як быццам нiчога не адбылося.
— Як Вы паглядзiце на тое, калi я запрашу Вас на пастаянную работу ў другой палавiне дня? Я б заходзiў па Вас сюды, у бюро, мы б разам палуднавалi, а з другой да чацвёртай або да пятай, як Вы жадаеце, Вы б дапамагалi мне ўпарадкоўваць паперы там, наверсе. Што Вы пра гэта думаеце, мiлае дзiцятка?
Леанора згодна кiўнула галавой:
— Добра.
Яна ўсё яшчэ не наважвалася правесцi фiялетавым «хойсам» па губцы, наклеiць яго на канверт; паштовы чыноўнiк выцягне яго са скрынкi, машына праштэмпелюе лiст: "6.09.1958., 13.00.". А тут сядзiць стары чалавек, якi зноў вярнуўся ў канец свайго восьмага — у пачатак свайго дзевятага дзесяцiгоддзя.
— Добра, добра, — сказала яна.
— Можна, такiм чынам, лiчыць, што Вы ў мяне на рабоце?
— Вядома.
Яна ўглядалася ў яго вузкi твар, дзе яна на працягу гадоў дарэмна iмкнулася адшукаць нейкае падабенства з яго сынам; толькi ветлiвасць, здавалася, была спадчыннаю рысай Фэмеляў; але ў старога яна была больш фармальная, дзеля аздобы; гэта была ветлiвасць старасвецкая, амаль што «грандэцца» — але не ветлiвая матэматыка, як у сына, якi культываваў сухую гжэчнасць, i толькi бляск яго шэрых вачэй дазваляў здагадвацца, што ён здольны да меншай афiцыйнасцi. Стары Фэмель напраўду карыстаўся насоўкай, жаваў канец цыгарэты, часам гаварыў Леаноры камплiменты пра яе прычоску, колер твару; яго гарнiтур быў паношаны, i не сказаць — каб трохi, гальштук быў заўсёды няроўна завязаны; пальцы — крыху заплямленыя тушшу, на абшлагах рукавоў — заўсёдныя сляды ад гумкi; алоўкi, цвёрдыя i мяккiя, кожны раз тырчалi з кiшэнi камiзэлькi; часам ён выцягваў з сынавага стала аркуш паперы, хуткiмi штрышкамi маляваў анёла, божае ягнятка, дрэва або партрэт такога, як сам, пажылога чалавека з вулiцы. Калi-нiкалi ён даваў ёй грошы на пiрожныя; аднаго разу папрасiў яе купiць другую фiлiжанку пад каву, i Леанора адчувала сябе шчаслiваю, што нарэшце можа ўключыць электрычную кававарку камусьцi яшчэ, не толькi сабе самой. Гэткае было жыццё ў бюро, з якiм яна звыклася: гатаваць каву, купляць пiрожныя i слухаць апавяданнi, у якiх усё iшло натуральным парадкам: пра жыццi, пражытыя ў тыльнай частцы дома, пра смерцi, якiмi там памiралi. Стагоддзямi Кiльбы шукалi там продыху i святла, граху i збавення, былi скарбнiкамi i натарыусамi, бургамiстрамi i канонiкамi; там, у тыльнай частцы будынка, у паветры асталося яшчэ нешта ад суровых модлаў пазнейшых прэлатаў; цёмныя грахi Кiльбiчанак — тых, што засталiся ў дзеўках, i раскайныя практыкаваннi пабожных маладзёнаў — у гэтым самым доме, дзе цяпер, штодня ў паабедзеннай цiшы бледнатварая дзяўчына з цёмнымi валасамi рабiла школьныя заданнi i чакала свайго бацьку. А можа, па абедзе ён сядзеў дома? Дзвесце дзесяць вiнных пляшак, апарожненых ад пачатку мая да пачатку верасня… Цi ён выпiў iх сам, а можа, з дачкой, з прывiдамi? Можа, з тым Шрэлам, якi нiколi нават не пытаўся пра яго? Усё было нейкае нерэальнае, больш нават нерэальнае, як попельнага колеру валасы сакратаркi, што пяцьдзесят год таму сядзела тут, на Леанорыным месцы, на варце таямнiц натарыяльнай канторы.