Читать «Бiльярд а палове дзесятай» онлайн - страница 12

Генрых Бёль

Якраз у гэтыя хвiлiны парцье вельмi датклiва адчуваў адсутнасць гатэльнага служкi: на адмiнiстратарскiм прылаўку перапляталiся рукi — рукi, што чакалi рахунку, рукi, што бралi праспекты, — i ён увесь час якраз у гэтую хвiлiну — пару хвiлiн пасля паловы дзесятай — заўважаў, што робiцца няветлiвы: вось якраз да гэтай настаўнiцы, восьмай цi дзевятай, калi палiчыць, якая пыталася ў яго, як прайсцi да рымскiх дзiцячых могiлак; яе ружовы колер твару сведчыў пра тое, што яна паходзiць з вёскi, а рукавiчкi i плашч — не пра той узровень даходаў, якi належала чакаць ад гасцей гатэля "Прынц Генрых", i парцье пытаўся ў сябе, якiм гэта чынам яна магла трапiць у кампанiю экзальтаваных асоб, нiводная з якiх не лiчыла патрэбным пытацца пра кошт нумароў; а можа, тая, што цяпер збянтэжана скубе свае рукавiчкi, здзейснiць зараз "нямецкi цуд", за якi Ёхэн вызначыў узнагароду: "Дам дзесяць марак таму, хто пакажа мне немца, якi б спытаўся пра кошт хоць чаго-кольвечы". Hе, i яна не здабудзе для яго Ёхэнавай прэмii, парцье прымусiў сябе паспакайнець i ветлiва растлумачыў ёй, як прайсцi да рымскiх дзiцячых могiлак.

Большасць гасцей патрабавала якраз таго гатэльнага служку, якi цяпер на паўтары гадзiны знiкаў у бiльярдавым пакоi; усiм хацелася, каб менавiта ён занёс iхнiя валiзы ў вестыбюль, да аўтобуса авiякампанii, да таксi, адправiў на вакзал; незадаволеныя турысты-валацугi, што, чакаючы сваiх рахункаў, размаўлялi ў вестыбюлi пра час прылёту i адлёту самалётаў, жадаючы менавiта ад Гугi лёду ў свае вiскi, агню, каб прыпалiць цыгарэту, наўмысна трымалi гэтыя цыгарэты ў роце незапаленымi, каб выпрабаваць Гугаву вымуштраванасць; толькi яму яны хацелi дзякаваць нядбалым жэстам далонi, толькi ў прысутнасцi Гугi iхнiя твары скурчвалiся ў таямнiчыя грымасы; нецярплiвасць была напiсана на тварах, уладальнiкi якiх не маглi дачакацца, каб як найхутчэй завезцi свой дрэнны настрой у найдалейшыя куткi свету; яны былi гатовыя да старту, каб у люстрах баварскiх альбо персiдскiх гатэляў вызначыць, наколькi задубiлася iх скура. Кабеты пранiзлiва крычалi, успомнiўшы пра нешта забытае альбо незнарок пакiнутае: "Гуга! Мой пярсцёнак…", "Гуга! Мае пальчаткi…", "Гуга! Мая памада…"; i ўсе яны чакалi, што Гуга зараз маланкаю кiнецца да лiфта, без анiякага шуму ўзляцiць наверх i ў пакоi 9, у пакоi 32, у пакоi 46 будзе шукаць пярсцёнак, касметычку альбо памаду; а тая старая бабiзна прыцягнула свайго дварняка, якi ўжо выхлябтаў малако, зжэр мёд, грэбуючы смажанымi яйкамi, i вось цяпер яго трэба было абавязкова весцi на вулiцу, каб ён мог справiць сваю натуральную сабачую патрэбу i аднавiць свой ужо зусiм слабы нюх пад сценамi вулiчных кiёскаў, каля стаянак аўтамашын, трамвайных прыпынкаў; вiдавочна было, што толькi Гуга мог дагадзiць стану сабачае душы; а тут зноў тая старая бабуля Блезiк, якая штогод прыязджае, каб пагасцяваць якi месяц у дзяцей i наведаць унукаў, колькасць якiх няспынна большае; вось яна, ледзь пераступiўшы парог гатэля, пыталася ўжо пра Гугу: "Цi ж ён яшчэ ў вас, той хлапчына з тварам псаломшчыка, той хударлявы, бледны, рудавалосы, з такiм сур'ёзным паглядам?" Гуга павiнен быў пад час яе снедання, калi яна ела мёд, пiла малако i не грэбавала смажанымi яйкамi, чытаць ёй уголас мясцовую газету: старая з захапленнем падымала вочы, калi пападалiся назвы вулiц, вядомыя ёй з маленства: няшчасны выпадак на Эрэнфельдскiм Кальцы; напад з рабункам на Фрызенштрасэ. "У мяне былi гэткiя доўгiя косы, калi я гойсала там на ролiкавых каньках — гэткiя доўгiя, мой даражэнькi…" Бабуля была вельмi далiкатная i ўпартая — хто ведае, можа, яна дзеля Гугi ляцела сюды праз вялiкi акiян?