Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 347

Васіль Быкаў

Вясной здарыўся прыступ апэндыцыту, і мяне «хуткая» ноччу адвезла ў другую бальніцу. Хірург Краўчук у 2 г[адзіны] ночы зрабіў апэрацыю. Трохі паляжаўшы, выпісаўся. Але дома пачаліся болі, павысілася тэмпэратура. З падазрэньнем на брушны тыф адвезьлі ў інфэкцыйную бальніцу, дзе я ледзьве не сканаў. Пакуль знакаміты ў Гародні хірург Нічыпарук не прызнаў ува мне свайго хворага і не забраў назад у другую. Зноў апэрыравалі ўжо ўдвох з Краўчуком. Адразу палепшала.

У маі пасьля бальніцы прафсаюз даў пуцёўку ў Дом адпачынку ў Ждановічы. Жыў у агульным пакоі на шэсьць чалавек, хадзіў па лесе. Пачаў пісаць аповесьць «Апошні баец». Тады яшчэ не адчуваў усю фальш яе ідэі. Тое разуменьне прыйшло пасьля. А тады — абы надрукаваць, абы патрафіць — гэта тое самае цяжкое, што перажывае кожны, хто пачынае пісаць.

У чэрвені, якраз на мой дзень нараджэньня, у Гародні нарадзіўся мой другі сын. Назвалі Васілём. Перад тым перайшлі на новую прыватную кватэру за яўрэйскімі могілкамі. Вуліца называлася Пажарскага. Дом належаў мілай жанчыне па імені Франя. Муж яе загінуў ад рук бандытаў, і яна жыла зь дзьвюма дочкамі. Тады гэта быў край гораду, далей было поле і — Грандзічы. Блізка гарадзенскае ўрочышча Пышкі.

Увесь той час да канца году працаваў у рэдакцыі, пісаў нарысы і карэспандэнцыі — пераважна з гарадзкога жыцьця. Дапісаў аповесьць, некалькі апавяданьняў. Адно апавяданьне паслаў на фэстывальны конкурс (рыхтаваўся сусьветны фэстываль моладзі), надрукавала «Маладосьць». Пасьля мне за тое апавяданьне прысудзілі нейкі прыз. Дарэчы, разам з другім пачаткоўцам — Ул. Караткевічам. Мне тады споўнілася 33 гады. Яшчэ быў малады.

Пісаў сатырычныя апавяданьні ў «Вожык». Некаторыя друкавалі, рэдактар часопісу Павел Кавалёў ставіўся да іх прыязна. Адно апавяданьне надрукаваў у «ЛіМе», рэдактар тае газэты Васіль Вітка сказаў добрае слова пра здольнасьці аўтара. Тое, вядома, натхняла. Хацелася напісаць што-небудзь важнае, значнае.

Найбольшую для мяне цікавасьць у гэтым сэнсе мела, вядома, вайна…

Камэнтары

Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».

Працаваць над успамінамі В. Быкаў пачаў у Менску ў 90-х гадах (гл. «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія», працягнуў («Доўгая дарога дадому») у Берліне ў 2000 г., дапісваў у Франкфурце-на-Майне, куды Быкавы пераехалі ў студзені 2001 г. Восенню таго ж года пісьменьнік паведамляў крытыку і сябру В. Аскоцкаму: «Воспоминания свои я написал не так, как хотел, поэтому с публикацией хочу повременить. Тем более, что на перевод не осталось силы». А падчас аднаго інтэрв’ю ў чэрвені 2002 г., адказваючы на пытаньне, над чым сёньня працуе, распавядаў: «Над мемуарами. Я их уже написал, а теперь продолжаю шлифовать. Вношу необходимые уточнения, что-то переделываю заново».

Праца над успамінамі была скончана вясной 2002 г. — 19 сакавіка пісьменьнік даслаў дыскету з тэкстам А. Лукашуку на радыё «Свабода». Пазней В. Быкаў сьведчыў, што гэтая кніга пісалася толькі з памяці, дадаваў: «Гэта, канечне, дрэнна, бо там нейкі архіў, нейкія матэрыялы — у мяне ж з сабой іх не было, яны засталіся ў Менску. Таму калі я ўзяўся пісаць, у мяне нічога не было, апрача маёй галавы. І таму я пісаў толькі тое, што я памятаў. Тое, што я забыўся або памятаў няцьвёрда, гэта ў асноўным адносіцца да лічбаў, да храналёгіі. Тут, вядома, мае ўспаміны вельмі безабаронныя».