Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн
Васіль Быкаў
Васіль Быкаў
Том 8
Доўгая дарога дадому
Кароткае прадмоўе
Перш за ўсё хачу папярэдзіць чытача, што гэтая кніга — твор вельмі інтымны, суб’ектыўны, аднабаковы, якім, зрэшты, ці не заўжды зьяўляецца мемуар, успамін, сьведчаньне. Думаецца, у тым ягоная сіла, але адначасна і слабасьць, падстава для прэтэнзіяў і нязгоды. У сваё апраўданьне магу толькі сказаць, што ня меў жаднага намеру каго-небудзь абразіць, што-колечы скрывіць ці знарок падаць у неадэкватным сьвятле.
Бальшыня названых у творы пэрсонаў прыведзеная пад іхнімі сапраўднымі імёнамі. Хіба ў асобных выпадках імёны зьмененыя — зь меркаваньняў павагі да годнасьці тых пэрсонаў ды і ў інтарэсах аўтара. Наколькі тое магчыма, аўтар імкнуўся прытрымлівацца храналёгіі, хаця тое не заўжды ўдалося. Асабліва там, дзе падзеі адбываліся паралельна або выпадалі з пэўнага лягічнага ланцугу.
Выбачаюся перад тымі, каго не ўпамянуў тут, пра каго напісаў мала ці тым болей ня так, як яны заслугоўваюць. Перад тымі, каго засмуціў названымі фактамі або празьмернымі азначэньнямі. Знарок нікога не хацеў пакрыўдзіць. Прабачце мне!
Аўтар
1. Ваколіцы. Возера
Родная мая мясьціна, мабыць, ня надта тыповая для раўніннай поўначы Беларусі — дужа зрыты рэльеф, пагоркі і лагчыны, раўкі, балацявіны і азёры. Азёраў дык нават зашмат — палявых і лясных, круглых, крывулястых, часам з голымі, а ў бальшыні з аброслымі трысьнягом берагамі. Ну і, вядома, лясы. Чырвоных бароў, праўда, засталося няшмат[: ], бары высякалі, асабліва пасьля войнаў — на будоўлю, дровы, на продаж. Палі амаль паўсюль цесныя, лапікамі на пагорках, нізінах, часьцяком парэзаныя раўчукамі з алешнікам на схілах. На тых лапіках пад лесам, каля балотаў, па-над рэчкамі ці азёрамі рассыпаліся вёскі — невялікія, з крывымі вуліцамі, а то і зусім бяз вуліцаў, — з дарожкай ад хаты да хаты. Не хутары і ня вёскі, але так, мабыць, было зручней гаспадарыць, бо гаспадарка ахоплівала хату, хлявы, сьвіран, варыўню, гумно з токам, паветкай і пуняй. Нават невялікая вёска здалёку рабіла ўражаньне немалой забудоўкі. Цягам часу будынкаў усё менела[: ] гарэла, бурылася, пераносілася да калгасных падворкаў — абораў ды канюшняў. Менела і людзей. Цяпер у маіх Бычках два дзясяткі самотных хатаў, палова зь якіх стаяць пустыя. У астатніх дажываюць свой век нямоглыя пэнсіянэры.
Наш падворак у вёсцы быў крайні, далей — поле і парослы алешнікам ды ляшчыньнікам роў. З тым ровам найперш зьвязанае маё маленства; у ім, асабліва ўлетку, было безьліч зманлівага і цікавага. Там зьліваліся дзьве ручаіны, утвараючы вадзяныя запруды на камянях, сьцежку заўжды перакопвалі кратовыя норы, крыху далей, на схіле, зеўрала барсукова нара, а ўнізе, пад абрывам, бруіла з-пад камянёў крынічка. Усе даваенныя гады мы бралі зь яе ваду, якую, аднак, ня дужа лёгка было цягаць па крутых сьцежках, асабліва ўзімку. Але калодзежу на падворку мы ня мелі, а вада з крынічкі была дужа добрая — чыстая, заўжды сьцюдзёная і смачная, як казала маці. У калодзежах такой не бывае.