Читать «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8» онлайн - страница 348

Васіль Быкаў

Укладальнікамі тома праведзена тэксталагічнае параўнаньне рукапісаў, машынапісу і публікацыяў. Адноўленыя тыя мясьціны, якія з розных прычынаў Аўтар не пажадаў друкаваць пры жыцьці або якія былі скарочаныя папярэднімі публікатарамі. Улічаны ўсе аўтарскія дапрацоўкі, дапаўненьні і ўдакладненьні.

Паколькі сваю «ўспамінную хроніку» Васіль Быкаў занатоўваў у клясычным правапісе Б. Тарашкевіча, ён і захоўваецца ў гэтым томе.

Пры рэдакцыйным камэнтаваньні пэрсаналіяў, якія сустракаюцца ў тэксьце, зноска робіцца адзін раз — пры першым згадваньні асобы.

Доўгая дарога дадому (стар. 5)

Асобным выданьнем выйшла ў 2002 г. (Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому: Кніга ўспамінаў. Мн.: ГА БТ «Кніга», 2002. — 544 с.). У тагачасных рэаліях гэта запатрабавала ад менскага выдаўца У. І. Лапцёнка грамадзянскай мужнасьці і рашучасьці. Асобныя разьдзелы былі агучаны аўтарам у этэры Радыё Свабода. У перакладзе на расейскую мову «Доўгая дарога дадому» была выдадзена ў 2005 г. (Масква: АСТ; Менск: Харвест, 2005). Пераклад зроблены Валянцінам Тарасам, аб чым В. Быкаў асабіста папрасіў Валянціна Яфімавіча, спэцыяльна запрасіўшы яго ў сакавіку 2003 г. у Прагу. Раней асобныя разьдзелы з кнігі друкаваліся ў аўтарскім перакладзе ў газэце «БДГ. Для служебного пользования» (2002, № 11; 2003 № 1 (12) — 2 (13)), а таксама ў часопісе «Дружба народов» (2003, № 8; пер. Н. Ігруновай).

Першаштуршком да напісаньня «Доўгай дарогі дадому» паслужыла адна публікацыя — В. Быкаў распавядаў аб тым: «В прошлом году тогда ещё не реорганизованный в „холдинг“ журнал „Полымя“ напечатал мою пространную беседу с покойным Алесем Адамовичем. Ввиду её почти 20-летней давности она не удовлетворила постаревшего автора, который усердно принялся её исправлять, сокращать, переделывать. И так втянулся в своё пережитое прошлое, что за зиму не сумел от него оторваться. (Известно, как стариков увлекают рассказы о пережитом, и я здесь не стал исключением.) К сожалению или к счастью — не знаю, но написал книгу — не очень умную и интересную, но о том, что так или иначе показалось мне важным в моей жизни и литературной судьбе».

Адзін з першапачатковых варыянтаў назвы кнігі мэмуараў — «Пункціры жыцьця. Кніга ўспамінаў», пад такім загалоўкам В. Быкаў даслаў у першай палове 2002 г. кнігу і ў ліпенілістападзе таго ж года ўстаўкі да яе, першаму намесьніку старшыні Беларускага таварыства «Кніга» У. І. Лапцёнку (пасьля пажару ў выдавецтве «Кніга» захаваліся лісты пісьменьніка і ўстаўкі да тэксту, у 2008 г. яны былі перададзеныя У. І. Лапцёнкам у Архіў В. Быкава). Летам 2002 г. пісьменьнік начытваў фрагмэнты з кнігі для восеньскіх этэраў Радыё «Свабода», з прычыны чаго прыязджаў у Прагу. У той час кніга называлася «Мае ўспаміны», але супрацоўнікі «Свабоды» папрасілі аўтара прыдумаць больш выразную назву, «хаця б дзеля перадачы на радыё». Праз некаторы час В. Быкаў сказаў па тэлефоне: «Так, пішыце. Назва будзе такая — „Доўгая Дарога Дадому“, — ён прачытаў менавіта так, апіраючыся на кожнае „д“, даючы асобны сэнс кожнаму з гэтых словаў». І пазьней тлумачыў, адказваючы на пытаньні: